„Народная інаўгурацыя” Святланы Ціханоўскай у Менску (абноўлена)
19.00. Каля станцыі метро „Уручча”, дзе завяршаўся сталічны марш, адбыліся масавыя затрыманні.
18.20. Галава калоны дайшла да гандлёвага цэнтру „Дана Мол”. Шэсце завяршаецца, людзі спакваля разыходзяцца па дамах.
18.10. Асноўная калрна мінула нацыянальную бібліятэку і пайшла далей па праспекце. Людзі запалілі ліхтарыкі, білі ў барабаны і скандавалі крычалкі.
17.45. Галава калоны на праспекце Незалежнасці дайшла да станцыі метро „Маскоўская”. Станцыя, як і суседняя „Усход” зачыненая. За калонай едзе ажно 15 аўтазакаў.
17.35. Асноўная калона павярнула з Сурганава на праспект і пайшла ў бок Уручча. Людзі рухаюцца па праезнай частцы.
17.30. У Маршы ў Менску бяруць удзел каля 100 тысяч чалавек. Галава асноўнай калоны ад Акадэміі навук пайшла па праспекце ў бок Парка Чалюскінцаў. Асноўная частка пайшла па вуліцы Сурганава.
Найбольш масава людзі збіраюцца ў Менску. Іх там ужо дзясяткі тысяч. Плакатаў у пратэстоўцаў мала, затое шмат нацыянальных сцягоў і сцягоў мікрараёнаў. Ёсць партрэты Ціханоўскай, у тым ліку з подпісам „Света ў канцы тунэлю”. Людзі крычаць „Уходи!” Да асноўнай калоны на праспекце Пераможцаў далучаюцца пратэстоўцы з іншых прылеглых вуліц. У агульную калону далучыліся спартоўцы з транспарантам „Народ – чэмпіён”. У іх групе каля 30 чалавек.
Каля стэлы музычная ўстаноўка вайскоўцаў спрабуе заглушыць крыкі натоўпу музыкай і зачытваннем закону аб масавых мерапрыемствах. АМАП актыўных дзеянняў не прадпрымае. Міліцыя праз мегафон кажа, што акцыя несанкцыянаваная і папярэджвае пра наступствы.
Нягледзячы на намаганні сілавікоў, удзельнікам традыцыйнага нядзельнага маршу ўдалося сабрацца, і цяпер шматтысячная калона дэманстрантаў выйшла на праспект Пераможцаў.
Дарога ад стэлы „Менск — горад-герой” у бок Палаца Незалежнасці перакрытая машынамі ДАІ. Каля музея Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца гучнагаварыцель, міліцыя папярэджвае прысутных аб незаконнасці акцыі. Людзей просяць „праявіць разважлівасць” і разысціся — інакш да іх будзе ўжытая фізічная сіла і спецсродкі.
Дэманстранты ў адказ пляскаюць, скандуюць „Жыве Беларусь!”, „Сыходзь!”.
15.05.Калона людзей ідзе па вуліцы Крапоткіна ў бок стэлы. Тут сабраліся пратэстоўцы, якія жывуць у раёне Камароўкі, Арлоўкі, Шаўчэнкі. Яны скандуюць „Жыве Беларусь!” і махаюць нацыянальнай сімволікай.
15.00. Пратэстоўцы перакрылі праспект Пераможцаў. Тут некалькі тысяч чалавек. Людзі дастаюць сімволіку і плакаты, набліжаюцца да стэлы. Па ходу да іх далучаюцца іншыя калоны. Яны збіраюцца ісці да Палаца незалежнасці.
13.45. Праспект Пушкіна перакрыты ад Пушкінскай у бок Пераможцаў. „Макдональдсы” у цэнтры Менску не працуюць. Яны закрытыя на Раманаўскай Слабадзе, ля кінатэатра „Беларусь” і на Незалежнасці.
13.30. Перакрыты для руху аўтамабіляў праспект Пераможцаў у бок „Кароны Замак” ад вуліцы Ігнаценкі.
Cёння ў Менску ды іншых буйных гарадах Беларусі аб’яўленая „народная інаўгурацыя” удзельніцы прэзідэнцкіх выбараў Святланы Ціханоўскай. Пачатак масавых акцыяў а 14:00.
Улады рыхтуюцца да вялікай колькасці пратэстоўцаў і перакрываюць цэнтр Менска.
Беларускае Радыё Рацыя