„Народная воля” заваёўвае Слаўнае
Пачалася чарговая падпісная кампанія на газеты ды часопісы, у тым ліку, незалежныя. У пасёлку Слаўнае, што на Талачыншчыне, пражывае каля 400 насельнікаў. Тут тры сталыя падпішчыкі “Народнай Волі”. Сёлета да іх вырашылі далучыцца яшчэ столькі ж.
Сустракаю паштальёнку з 20-гадовым стажам Марыю Смірнову з купай выданняў, якая расказвае:
Смірнова: Выпісвалі раней пад 200 асобнікаў – некаторыя і па 8, і па 4, і па 2 газеты. “Советскую Белоруссію”, “7 дзён”, часопісы. Але й “Народную волю” Пеця Кавалёў, сямейства Гошкаў атрымліваюць…”
Спадар Пётра Кавалёў – афіцэр запаса, 17 год на пенсіі, сталы падпішчык газеты..
Кавалёў: Паводле маіх падлікаў, да 30 % насельнікаў з’яўляюца палітычнымі прыхільнікамі таго, што пішацца ў “НВ”, а значыць, апазіцыі Лукашэнку. Кожны нумар, што да мяне прыходзіць, зачытваюць да дзір, перадаюць з рук у рукі. Патэнцыйна газэту выпісвалі б у дзесяткі раз болей, але што рабіць, калі заробак даяркі у аграгарадку не падымаецца вышэй за 1млн 300 – 1 млн 500?!
Вячаславу, новаму падпісчыку газеты, пералічваем, чым цікаўнае Слаўнае для ўсіх чытачоў у краіне.
Сваю пампезную назву паселішча атрымала ў савецкія часы. Як і скандальна-крымінальную “славу”. Да прыкладу, 90 год таму атрад атамана Юркі Моніча абрабаваў тут цягнік Масква-Берлін, у якім замежныя дыпламаты везлі золата, калекцыі зброі ды іконаў, слядоў якіх скарбашукальнікі ня могуць знайсці і дагэтуль. Пасля 1986 на тутэйшай метэаралагічнай станцыі першымі на Віцебшчыне засяклі радыёактыўнае воблака з-пад Чарнобылю. Праз нейкі час станцыю зачынілі “з-за скарачэння кадраў”.
Сустрэча з 86-гадовым Мікалаем Гошкам ды ягонай жонкай, 84-гадовай спадарыняй Капіталінай Рабцавай, былымі настаўнікамі, адбылася ў ранішніх прыцемках. Беспамылкова знайшоў іх хату на вуліцы Вішнёвай – здалёк было чуваць ранішні незалежны радыёэфір. Побач з ложкам гаспадыні – стос “НВ”. “Без яе жыць не магу! Хоць раней чытала седзячы, а цяпер лежачы…”. Пасля зразумеў, што “свае” радыё і друк хоць неяк запаўняюць вакуўм пасля напаткаўшых сямейства трагедый.
Рабцава: Мы ж двух сыночкаў пахавалі. Зміцер быў студэнтам 4 курса тэатральна-мастацкага інстытута. Ён пайшоў на рок-канцэрт і яго скінулі з 4 паверха. (плача ) А 3 гады таму спынілася сэрца ў старэйшага сына. Як Сашу пахавалі, не сплю, ня ем, толькі з таблеткамі жыву. Іванавіч перанёс інфаркт, інсульт, а я 3 гады ўжо ляжу з-за хваробы пазванкоў…
Пытаю спадара Мікалая пра стан жыцця пенсіянераў у Слаўным:
Гошка: Была на паліва ільгота – давалі 7 квадраметраў дроў бясплатна кожнаму настаўніку. Лукашэнка ўсё адмяніў, купляем за свае грошы. Вельмі шмат трацім на лекі – трэцяя частка ідзе…
РР: Пра што найперш чытаеце ды слухаеце?
Рабцава: Хвалюе, што апазіцыя раздробленая, слабая, што народ не ўзнімаецца, а яго збіваюць! А яшчэ Рыгоравіч гаворыць, што трэба, бо парушаюць парадкі. Спачуваю заўжды Змітру Дашкевічу – добра, што Настачка Палажанка, цяпер жа Дашкевіч, яму дапамагае – такая дзяўчына! Увогуле, зменаў ніякіх не бачу – Статкевіч за кратамі. Паліцэйская дзяржава – калі столькі міліцыянтаў і ім дазволена ўсё. І Бог не карае Рыгоравіча – каб так не любіць свой народ! А як здзекуюцца з мовы беларускай – я настаўніца рускай і беларускай, Іванавіч фізік. Раней казала па-руску, а як столькі незалежныя станцыі слухаю, поўнасцю перайшла на мову. А апазіцыя ўсё нейкія “мемарандумы” друкуе – трэба ж дзейнічаць! А яны ўсё ўладу дзеляць, якой няма – на “адзінага” кандыдата ня могуць “выйсці! Матэрыялы пра ь тых, каго сталінцы казнілі, цікавыя. На маёй Радзіме, у Заходняй Беларусі, конюха забралі за сувязь з “дэфензівай”. 25 год адбыў і хутка памёр. А не ведаў і хто такі Пілсудзкі – нібы, звесткі яму падаваў… ”
РР: “Вы верыце, спадарыня Капіталіна, што навала сыдзе і Беларусь будзе вольнай?”
Рабцава: “Сыдзе, але не так хутка. Цяпер галоўныя задачы, на мой капыл, гістарычна-культурніцкія – каб не страціць чарговае пакаленне. Як я выкладала, любілі беларускую мову, нават дзеці вайскоўцаў заставаліся паслухаць. “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы… Дзень быў святы, яшчэ ад рання блінцы пякліся на сняданьне – і кідаў цеста ў скавародку, давала піск яна кароткі…” Гэта ж такая мова багатая! А пісьменнікаў колькі і паэтаў знішчана! Стараемся ўгадзіць Крамлю – чула жонку Мядзьведзева: “где русскій язык, там і Россія”. А дзе беларуская мова, там – Беларусь!
РР: “Жыве Беларусь, спадарыня Капіталіна!”
Рабцава: Жыве і жыве, і жыве, і жыве!
Мае суразмоўцы пагаджаюцца, што ўсплеск палітызацыі, які дакаціўся і да “глыбінцы”, насамрэч шмат у чым выкліканы ўкраінскімі падзеямі, а таксама расейска-украінскай інфармацыйнай вайной. “Ня дай божа “прафукаць” чарговым разам новыя магчымасці ўплыву на грамадзтва нашым апазіцыйным палітыкам”, – як сказаў на развітанне вашаму карэспандэнту ўжо вядомы спадар Кавалёў.
Віталь Сямашка, Беларуская Радыё Рацыя
Фота аўтара