„Народную Волю” адмовіліся друкаваць у Доме друку



Чарговы нумар папулярнай газеты „Народная Воля” не быў надрукаваны і адпаведна, не паступіў падпісчыкам і ў продаж.

Па словах яе заснавальніка і галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча, афіцыйныя тлумачэнні зрыву выхаду газеты вартыя смеху.

– Толькі што перагаварыў з генеральным дырэктарам выдавецтва “Беларускі Дом друку” спадаром Раманам Алейнікам, друкарня якога, па дамове з рэдакцыяй, тыражуе газету “Народная Воля”. На пытанне, чаму сённяшні нумар не надрукаваны, не адпраўлены ў экспедыцыю для распаўсюджвання, пачуў, што зламалася тэхніка. І што, да гэтага часу не адрамантавалі? Не. “Зламалася тэхніка”  і не надрукавана “Народная Воля”. Але не зламалася тэхніка – і надрукаваны ўсе дзяржаўныя газеты.

Як пажартаваў Іосіф Сярэдзіч, хутчэй не друкарскі станок зламаўся, а зламаліся мазгі ў тых, хто на штыках пакуль што трымае ўладу ў Беларусі.

Галоўны рэдактар падкрэсліў, што рэдакцыйны калектыў звяртаецца да ўсіх грамадзянаў Беларусі і да міжнароднай супольнасці з заклікам аб’яднацца, каб абараніць свабоду „Народнай Волі” і незалежнасць Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя