Народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі памёр на 87-м годзе жыцця
Народны мастак Беларусі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук і Расейскай акадэміі мастацтваў Георгій Паплаўскі памёр 29 кастрычніка ў Менску на 87-м годзе жыцця.
Як паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага саюза мастакоў (БСМ) Рыгор Сітніца, развітанне з памерлым пройдзе ў сераду, 1 лістапада, у будынку Акадэміі навук. Час цырымоніі ўдакладняецца.
Георгій Паплаўскі нарадзіўся 15 лютага 1931 года ў Роўне (Украіна). У 1955 годзе скончыў Менскае мастацкае вучылішча (цяпер Менскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава), у 1961-м — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
У сярэдзіне 1960-х выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт). У 1988 годзе ўзначаліў графічную майстэрню установы „Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры” пры Міністэрстве культуры.
У 1970 годзе мастака ўзнагародзілі прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, у 1977-м — удастоілі звання заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Ордэн Дружбы народаў Паплаўскаму ўручылі ў 1986 годзе, а званне народнага мастака Беларусі прысвоілі ў 1997-м. Ён таксама ўзнагароджваўся дзяржаўнай прэміяй Беларусі, медалём Францыска Скарыны і прэміяй Саюзнай дзяржавы.
Паплаўскі працаваў у розных тэхніках станковай і кніжнай графікі, жывапісу. Вядомасць яму прынеслі, у першую чаргу, графічныя цыклы, сярод якіх „Памяць” (1968), „Браслаўшчына — край азёрны” (1971—1998), „Камандзіры” (1973), „Азёрны край” (1975), „Мора Берынга „(1979), „Час доўгіх нажоў” (1982), „Чарнобыль. Дрэвы нерухомыя” (1987). Мастак аформіў мноства кніг з творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча.
Работы Георгія Паплаўскага захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, Міністэрства культуры РФ, Маскоўскім музеі выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна, Цэнтральным доме мастака ў Маскве, Расейскім музеі ў Санкт-Пецярбургу, музеях Смітсанаўскага інстытута ў Вашынгтоне.