Народныя пратэсты на Ратушнай плошчы ў Віцебску



17 кастрычніка (30 кастрычніка па новым стылі) 1905 года расейскі цар Мікалай II падпісаў Маніфест, прадэклараваўшы падданым імперыі грамадзянскія правы і свабоды. Гэта стала вынікам страйку, які ахапіў усю краіну. 31 кастрычніка на плошчы каля Ратушы адбыліся масавыя дэманстрацыі, і ўлады адказалі на іх жорстка – ужываннем зброі супраць мірных жыхароў.

Пра тагачасныя пратэсты ў Віцебску распавёў краязнаўца, журналіст інтэрнэт-выдання “Витебский курьер news“ Сяргей Марціновіч:

– Людзі сабраліся на мітынг перад будынкам ратушы. Там адбыліся сутыкненні з казакамі, сутыкненні з паліцыяй. 18 чалавек было забіта ў той дзень…У 1980-м годзе на будынку ратушы была ўсталявана мемарыяльная дошка пра гэта, але напрыканцы 1980-х будынак рамантавалі, і дошка была некуды дэмантаваная. І яна не аднаўлялася больш.

Пахаванне забітых таксама ператварылася ў маніфестацыю. У савецкі час колькасць мітынгоўцаў ацэньвалі ў 40 тысяч чалавек. Юрка Віцьбіч у 1940 годзе пісаў пра 10 тысяч, што таксама нямала: у пачатку 20 стагоддзя ў Віцебску пражывала 66 тысяч жыхароў.

У Полацку на адным з дамоў па праспекце Скарыны можна і сёння ўбачыць мемарыяльную шыльду, якая нагадвае пра расстрэлы пратэстоўцаў 31 кастрычніка 1905 года. Колькасць расстраляных тым была значна большая, а спробы ўладаў правесці “патрыятычны сход” скончыліся маштабным габрэйскім пагромам.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск