Наш чалавек у Каларада
Злучаныя Штаты – ці не самая зміфалагізаваная для нас краіна, а беларусы ЗША шмат для якіх беларусаў – выключна “недабітыя фашысты і паліцаі, якія дзейнічаюць супраць сваёй краіны за трыццаць срэбнікаў ЦРУ”. На вялікі жаль, прапагандысцкія медыі Рэспублікі Беларусь усяляк падтрымліваюць такі пункт гледжання на нашых суродзічаў.
Чым займаюцца беларусы ЗША? Як беларуская дыяспара Нью-Йорка ганаля тамтэйшых расейскіх “ватнікаў” на 9 траўня? Ці трэба беларусу Нью-Йорка атрымліваць дазвол гарадскога райвыканкама і ідэалага штата для правядзення пратэстных акцый? Чым беларуская дыяспара можа дапамагчы сваёй краіне?
З Юрасём Зянковічам, амерыканскім праўнікам беларускага паходжання, які жыве і працуе ў штаце Каларада, пагутарыў наш карэспандэнт Марцін Война.
РР: Пра беларусаў, якія траплаюць у Амерыку, ходзіць процьма чутак і міфаў. Маўляў – яны працуюць прыбіральшчыкамі ў МакДональдсе, мыюць машыны, жывуць на вуліцах і не маюць ніякіх правоў…
Юрась Зянковіч: Першыя два гады эміграцыі – гэта вельмі складаны перыяд практычна для ўсіх. Выключэнне – прасунутыя спецыялісты ў галіне кампутарных тэхгналогій і вядомыя артысты. Я сам пачынаў з таго, што развозіў піцу. Але людзі дзеляццы на тых, хто так і застаецца на гэтым узроўні, і тых, хто да чагосьці імкнецца. Мне ўдалося скончыць у ЗША універсітэт, атрымаць ліцэнзію адваката і цяпер у мяне сво бізнэс.
РР: Ці можна намаляваць нейкі сярэднестатыстычны партрэт беларускага эмігранта ў ЗША?
Юрась Зянковіч: Беларуская эміграцыя ў ЗША дзеліцца на некалькі хваляў. Першая – гэта паваенная эміграцыя. Гэта людзі, якія правялі тут амаль усё жыццё, зрабілі кар’еру, ці іх дзеці. Другая – гэта так званая “каўбасная” эміграцыя пачатку-сярэдзіны дзевяностых гадоў. Трэцяя – гэта студэнцкая эміграцыя двухтысячных. Гэта калі маладыя людзі прыяжджалі ў Штаты на сезонную працу і тут заставаліся. Некаторыя з першага разу, некаторыя з другога і нават з трэцяга. Некаторыя падавалі дакументы ў якасці “палітычных дзеячоў”. І хаця большасць з іх ніякага дачынення да палітыкі не мела, некаторыя атрымлівалі такі статус…
РР: Ці ёсць сярод апошняй хвалі эміграцыі прыхільнікі так званага „Русского мира”?
Юрась Зянковіч: Шчыра кажучы, я не сустракаў такіх людзей, асабліва сярод моладзі. Яны акурат ад “Русского мира» сюды і ўцякаюць, бо Беларусь, на вялікі жаль, пакул яшчэ і ёсць яго часткай. Некаторыя нават прагнуць быць большымі амерыканцамі, чым самі амерыканцы…
РР: А як можна быць большым амерыканцам, чым сам амерыканец?
Юрась Зянковіч: Гэта калі чалавек прынцыпова не жадае гаварыць ані па-беларуску, ані па-расейску. У мяне ёсць знаёмая сямейная пара, не буду называць імёны… Дык вось, там менавіта жонка, якая з Менску, такім чынам выхоўвае сваіх дзяцей. Толькі ангельскай! Катэгарычна супраць, каб дзеці ведалі беларускую ці нават расейскую мовы.
РР: Амерыка і дляРасеі, і для шмат каго ў Беларусі – гэткі прыстанак абсалютнага сусветнага ліха. Пры гэтым людзі, якія ўспрымаюць ЗША менавіта так, ніколі там не былі, амерыканскай гісторыі і амерыканскай культуры не ведаюць, і нават па-ангельску амаль не чытаюць. Адкуль такая невытлумачальная нянавісць?
Юрась Зянковіч: Ёсць такі анекдот: тыповы постсавецкі чалавек марыць, каб Амерыка была знішчаная, але адначасова марыць атрымаць там грын-кард. На мой капыл, прычына гэтага – звычайная чалавечая зайздрасць. Амерыка – заможная краіна. Мушу сказаць, што я не бачыў такіх працаголікаў, як тут. І калі “саўкі”, ці “вата” дазнаецца, што тут, аказваецца, трэба ўкалываць, то рэакцыя такая: “А ну яе на фіг, нам і без Амерыкі добра!”
РР. Ва ўяўленні постсавецкага чалавека, па Амерыцы, пэўна, бегаюць страшныя ку-кукс-кланаўцы ў белых балахонох, скаляць зубы прадажныя кінематаграфічныя шэрыфы, імчаць лімузіны з гангстэрамі… А якая папярэдняя карцінка Злучаных Штатаў была ў цябе?
Юрась Зянковіч: У Амерыцы спараўды, ёсць і жук і жаба, як той казаў. Ёсць і Ку-Клукс-Клан, ёсць і чорныя расісты, і бандыты, і хто заўгодна. Гэта вельмі розная краіна, дзе шмат сваіх культур, субкультур, і ўсе яны неяк тут суіснуюць. Але ж большасць амерыканцаў – гэта звычайныя людзі, якія хочуць працаваць, якія прагнуць шчасця, якім трэба ставіць на ногі дзяцей. І яны шчыра не разумеюць, што выклікае такую нянавісць да іх і у ісламістаў, і ў тых жа “ватнікаў”.
РР: Пытанне як да амерыканскага юрыста. Напрыклад, я вырашыў зарганізаваць пратэстную акцыю ў расейскай ці беларускай амбасады. Мне трэба, як у Беларусі, аплачваць ахову паліцыі, хуткую дапамогу, падаваць заяву ў гарвыканкам горада Нью-Йрка, узгадняць лозунгі з галоўным ідэолагам штата?
Юрась Зянковіч: Першая Папраўка да Канстытуцыі ЗША гарантуе ўсім, хто жыве ў Злучаных Штатах свабоду слова. Прытым не толькі грамадзянам, але і госцям. То бок, каб правесці якую дэманстрацыю, ніякіх дазволаў не трэба.
РР: Калі мяне забяруць амерыканскія мянты і складуць безпадстаўны пратакол, што я “пляваўся, кусаўся, выгукваў экстремістскія лозунгі і зрываў пагоны і гузікі ў паліцыянтаў”?
Юрась Зянковіч: Амерыканскія паліцэйскія добра ведаюць законы. Праца паліцэйскага даволі прэстыжная і добра аплачваецца. Таму паліцэйскія не пойдуць на парушэнне закона. Гэта азначае дысцыплінарнае расследванне, звальненне з паліцыі і пазбаўленне ўсіх прывілеяў.
РР: Ты бярэш удзел у беларускіх акцыях. Раскажы больш падрабязна.
Юрась Зянковіч: Апошнюю акцыю мы ладзілі 9 траўня. Мы хадзілі ганяць мясцовую нью-йоркскую “вату”, якая вырашыла прысабечыць перамогу над нацыстамі толькі Расеі і расейцаў. Мы нагадалі ўсім прысутным, што не толькі расейцы бралі ўдзел у вайне, але і беларусы, і ўкраінцы, і шмат якіх іншых народаў. Распаўсюдзілі сярод амерыканцаў улёткі, з лозунгам “Пуцін хлусіць!”
РР: Чым канкрэтна можа дапамагчы дыяспара сучаснай Беларусі?
Юрась Зянковіч: Найперш – досведам таго, чаго мы навучыліся ў гэтых краінах. Я магу дамамагчы ў юрыдычнай галіне, хтосьці, хто працуе ў органах дзяржаўнага кіравання – у пабудове больш эфектыўных мадэляў кіравання… Але ж пытанне не толькі ў тым, чым мы можам дапамагчы, але і ў тым, што Беларусь можа даць нам наўзамен. Мы ўсе нечага дасягнулі, і хацелі б мець за нашу дапамогу хаця б простую падзяку.
Спадзяемся, што з цягам часу шматлікія беларускія беларусы свету будуць дзейсна дапамагаць сваёй гістарычнай Радзіме. Дый Менску у будучым таксама варта падумаць пра сваю дыяспару.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Дзмітрыя Шчагельскага