Наша міліцыя нас беражэ: спачатку пасадзіць, затым сцеражэ
Суддзя Івацэвіцкага суда Арцём Падалянец не задаволіў іск уладальніка дапаможнай гаспадаркі Антона Іванова. Іваноў абскардзіў сваё незаконнае змяшчэнне ў ізалятар часовага ўтрымання амаль на суткі нібыта за дробнае хуліганства і ацаніў свае маральныя пакуты ў 5000 рублёў. Да такога рашэння вясковец быў гатовы адразу пасля апошняга судовага паседжання 25 красавіка.
«Іншага рашэння ад цяперашняга суда і чакаць нельга. Міліцыя, суд і пракуратура ў Івацэвічах – браты-блізняты,» – лічыць Антон Іваноў.
– Як тут давяраць міліцыі нашай? Канешне, падманваюць. Думаю, што тут адна кантора. Горад маленькі, усе адзін аднаго ведаюць, усе звязаны ў гэтай сістэме, таму на добрае не спадзяюся. Што тут гаварыць, калі намеснік начальніка міліцыі па ідэалогіі, якая была ў судзе, падпалкоўнік – жонка пракурора Івацэвіцкага раёна.
Паводле прававога інспектара прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзіміра Малея, суддзя Арцём Падалянец працягнуў міліцыянтам індульгенцыю на далейшыя непрафесійныя, неправавыя дзеянні ў адносінах да людзей. Працаваць у прававым полі бальшыня з іх проста не здольна:
– Да тых часоў, пакуль у кабінетах следчых будуць вісець партрэты Дзяржынскага, да тых часоў будуць вось такія з рук вон зыходзячыя факты.
Антон Іваноў не згодны з рашэннем суда і будзе яго абскарджваць.
Беларускае Радыё Рацыя