Наша родная мова – беларуская
Да пачатку перапісу насельніцтва Беларусі застаецца амаль 3 тыдні. Пазначыць беларускую мову як родную заклікаюць многія грамадскія аб’яднанні і арганізацыі Беларусі.
Актывісты “Задзіночання беларускіх студэнтаў” Арцём i Наста перакананыя ў сваім выбары:
– Мне падаецца, што калі мы будзем пазначаць роднай менавіта беларускую мову, то дзяржава можа ўбачыць, што людзям яна падабаецца, і мабыць тая “мяккая беларусізацыя”, якая адбываецца зараз, будзе больш шырэйшай.
– Мы павінны ўказваць беларускую мову роднай, бо родная мова – гэта не першая, а тая, якую ты сам лічыш роднай.
Тое, што моладзь абірае беларускую мову для штодзённага ўжытку – добры знак. Так карыстанне роднай мовай пакрысе можа стаць масавым, лічыць лідар этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук:
– Бывае дзень такі – Дзень мовы. Ну, гэта смешна слухаць. Прыедзь у Прыбалтыку і скажы ў Літве – у вас будзе Дзень літоўскай мовы. Або кітайскай. Прыедзь у Пекін і скажы, сёння адзін дзень будзеце размаўляць. А ў нас такое ёсць. Добра было б, каб у нас быў адзін дзень без мовы. Вось чаго хочацца. Гэта робіць кожны сам такі выбар. Калі мы будзем прымушаць, нічога не будзе. На ўсё свой час. Мне здаецца, калі яшчэ трошкі пройдзе часу, мы, як Прыбалтыка, як тыя ж немцы, будзем усе размаўляць на сваёй мове.
Перапіс насельніцтва пачнецца 4, а завершыцца 30 кастрычніка. Папярэднія вынікі перапісу будуць агучаныя ў пачатку наступнага года.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя