Нашчадак князёў Туманавых на Смаргоншчыне
Незвычайная сустрэча адбылася ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі. Смаргоншчыну наведаў амерыканец Пітэр Туманаў (Туманофф), які па праграме Фулбрайта выкладае эканоміку ў Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Залессе прафесар наведаў па той простай прычыне, што менавіта тут у часы Першай сусветнай вайны сустрэліся яго дзед і бабка, мемуары якіх ён плануе выдаваць. Спадчыннік знакамітага роду князь Іраклій Канстанцінавіч Туманаў служыў каля Смаргоні (14 грэнадзёрскі полк) у чыне палкоўніка, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Соф’яй Сяргееўнай Парфёнавай, якая была сястрой міласэрнасці пры санітарным цягніку, што стаяў на чыгуначнай станцыі Залессе. Менавіта тут распачалася гісторыя кахання гэтых двух неардынарных людзей. Па вялікім рахунку, князь Туманаў проста спыніўся ў Залессі паесці і пераначаваць у траўні 1917 года.
Пасля бальшавіцкага перавароту Туманавы літаральна з лініі фронту трапляюць у Менск, дзе адбылася грамадзянская рэгістрацыя іх шлюбу. Потым была Масква, спроба змагацца на баку “белых”, а потым – Адэса, Каўказ, Турцыя ды ў рэшце рэшт уцёкі ў Штаты (1923 год, Нью-Йорк).
Вельмі хутка Туманавы з двума сынамі пераехалі ў Бостан. Тут Соф’я Туманава выкладае французскую мову ў закрытай жаночай школе, а яе муж зарабляе на жыццё, граючы на скрыпцы і працуючы вартаўніком у музеі Гарварда. З часам яны змаглі адкласці дастатковую суму, каб набыць ферму ў Нью-Гемпшыры. Прыгожае месца, дзе раслі іх дзеці і гадавалася шмат хатняй птушкі. Гэта быў вымушаны крок: лекары рэкамендавалі князю лячыць старыя раненні ў вёсцы, але ў выніку ферма стала для ўсёй сям’і Туманавых сапраўдным домам.
Сыны Туманавых Георгій і Уладзімір скончылі адпаведна Масачусэтскі і Гарвардскі універсітэты. Бацька Пітэра Туманава быў інжынерам аэранаўтыкі і займаўся касмічнай праграмай ЗША, а дзядзька стаў дыпламатам і быў знаёмы з Хрушчовым. Праўда, пасля чарговага шпіёнскага скандалу стаў у СССР персонай нон-грата (пасля 1960-га).
Прыфесар Пітэр Туманаў вывучыў рускую мову ўжо падчас вучобы ва універсітэце, а ў 1978-79 гг. па студэнцкім абмене вучыўся ў Ленінградзе. Лічыць сябе амерыканцам і пасля выхаду на пенсію жыве на ферме свайго дзеда ў Нью-Хэмпшыры… Але шчыра цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і і хоча выдаць дзённікі дзеда і бабкі, знойдзеныя ў 2000 годзе, ужо пасля іх смерці, у старым куфры на ферме. Мемуары дзеда прыйшлося літаральна расшыфроўваць з-за дрэннага почырку. У 2010 годзе спадар Пітэр пачаў калекцыянаваць усё, звязанае з гісторыяй роду Туманавых. Да 2014 года ён меў поўную стаўку прафесара ва універсітэце Маркет штата Вісконсін і не меў дастаткова часу, каб займацца гісторыяй сям’і.
У Залессі прафесар Туманаў наведаў мясціны, звязаныя з гісторыя Першай сусветнай, і сустрэўся з зацікаўленай грамадскасцю ў канцэртнай зале музея-сядзібы, дзе паказаў цікавую прэзентацыю з рарытэтнымі фота і адказаў на ўсе пытанні прысутных.
Чысціня, шчодрасць, дабразычлівасць – тое, што ўражвае прафесара ў Беларусі, а таксама – вуліца Францыска Скарыны ў Полацку і старыя цэрквы горада ў цэнтры Еўропы. Студэнты ж па яго словах паўсюль аднолькавыя: уважлівыя, харошыя, але заўжды хочуць ведаць, ці будзе дадзеная інфармацыя падчас іспытаў і ці варта яе вучыць. І яны баяцца задаваць пытанні (навошта “непатрэбная” інфармацыя?)
Візіт на Смаргоншчыну спадара прафесара быў арганізаваны пры дапамозе Амбасады ЗША і кіраўніцы Мясцовага дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” Алы Шыцікавай.
[Not a valid template]
Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя, Смаргонскі раён
Фота аўтара і газеты “Светлы шлях”