Наста Базар: У службу «Адно Акно» за месяц звярнуліся амаль 200 чалавек
Служба «Адно Акно», створаная Аб’яднаным пераходным кабінетам, прапрацавала 30 дзён. За гэты час да службы звярнуліся 193 чалавекі з 15 краін, у тым лік Беларусі, Грузіі, ЗША, Літвы, Польшчы і Украіны.

Кажа актывістка і прадстаўніца службы «Адно акно» для сацыяльнай падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій Наста Базар:
– На дадзены момант за месяц працы тэставай версіі мы атрымалі запыты з 15 розных краін ад беларусаў і беларусак. Перад усім гэта канешне запыты знутры Беларусі. Мы можам дакладна казаць пра 15 адсоткаў – гэта былі тыя, каго мы змаглі зафіксаваць. Вялікая колькасць людзей звяртаецца да нас выкарыстоўваючы VPN, што мы вельмі раім. І наша мэта – яшчэ больш працаваць на тое, каб увайсці ўнутр Беларусі, каб людзі ўнутры Беларусі разумелі, што ёсць нейкія магчымасці, якія людзі павінны ведаць. І ёсць правы, якія варта спрабаваць давесці.
Часцей за ўсё ў службу звярталіся па фінансавых і юрыдычных пытаннях. Эмігранты цікавіліся пытаннямі міграцыі, атрымання дакументаў, афармленні пенсій. Асобы, што пражываюць у Беларусі, цікавіліся тэрміновай эвакуацыяй, абаронай ад пераследу, фінансавай дапамогай блізкім палітвязняў, псіхалагічнай падтрымкай, юрыдычнымі кансультацыямі па фінансавых пытаннях і пошуку працы.
Звярнуцца ў службу можна праз сацсеткі ці сайт by.social.
Беларускае Радыё Рацыя
