Наста Дашкевіч: Каханне – гэта рашэнне ісці да канца
Пра сваё драматычнае “каханне па-беларуску” распавялі Наста і Зміцер Дашкевічы ў Варшаве на паказе фільма, заснаванага на рамантычнай перапісцы актывістаў “Маладога Фронту”. Калі Зміцер сядзеў у турме, яны напісалі адзін аднаму больш за тысячу лістоў. Таксама ў турме адбыўся шлюб маладой пары, што стала тэмай актыўнага абмеркавання ў незалежных беларускіх СМІ.
Наста і Зміцер падзяліліся тым, чым для іх ёсць каханне.
– Каханне – гэта рашэнне быць з чалавекам, ісці да канца жыцця з ім. Нягледзячы ні на якія абставіны. У нас са Зміцерам ёсць шмат агульнага, але шмат і рознага. І якраз паважаць гэтае рознае – таксама частка кахання. Увогуле, каханне – гэта вялікая, крапатлівая, штодзённая праца. Калі ты надаеш гэтаму ўвагу, то ўсё і надалей будзе добра.
– Жывём з такой невялікай рызыкай арышту. Ну, тут такі выбар: альбо жыць у Беларусі, рызыкуючы пэўнымі рэчамі, ці з’язджаць. Мы выбралі Беларусь.
Фільм “Каханне па-беларуску” рыхтавалі 2 гады. Напярэдадні выбараў 2010 года Зміцер Дашкевіч быў арыштаваны і атрымаў 2 гады турмы. Яго нявесту арыштавалі ў час разгону пратэстаў 19 снежня, за што яна атрымала 1 год умоўнага арышту. Маладыя змаглі быць разам толькі ў 2013 годзе.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтаркі