Наста Захарэвіч: Беларусь – спецыфічная краіна для жанчын
Надалей у многіх краінах свету жанчыны фактычна не маюць роўных правоў з мужчынамі. І тут не ідзе гаворка пра такія краіны як Іран ці Саудаўская Аравія, а пра краіны Еўропы. Беларусі таксама ёсць да чаго імкнуцца, перакананая сённяшняя госця Рацыі, з якой размаўляе Юрка Ляшчынскі.
Наста Захарэвіч
РР: Цяжка быць жанчынай у Рэспубліцы Беларусь?
Наста Захарэвіч: Спецыфічна. Я думаю, гэта не самая цяжкая для быцця жанчынаў краіна ў свеце, але дакладна не самая лёгкая.
РР: І што ёсць цяжкае?
Наста Захарэвіч: У Беларусі цяпер бадай адна з самых актуальных праблем – гэта праблема хатняга гвалту. Дзяржава практычна адмаўляецца прызнаваць, што гэтая праблема існуе. Шмат гадоў распрацоўваўся закон, прынамсі распрацоўвалася канцэпцыя закона супрацьдзеяння хатняму гвалту. І дзяржаўныя ворганы ўжо ішлі насустрач актывісткам, але ў выніку, прасто праз тое, што Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэты закон непатрэбны, уся гэтая праца пайшла дарма і закон працяваюць адмаўляцца прымаць.
РР: А ці жанчыны маюць такі ж самы доступ да працы, як і мужчыны?
Наста Захарэвіч: На жаль, у Беларусі зараз існуе спіс забароненых для жанчын прафесій. У гэтым спісе 281 прафесія з 43-х працоўных сфер. І гэта вельмі розныя прафесіі, пачынаючы ад таго, што жанчыны не могуць кіраваць цягнікамі метро, і сканчваючы тым, што жанчыны не могуць збіраць садавіну на вышыні вышэй за паўтара метра. То-бок, прафесіі з вельмі розных сфераў. Вельмі часта мы не разумеем логіку, чаму прафесія забаронена жанчынам. Але дзяржава з большага сцвярджае, што гэта дзеля таго, каб абараніць нас, абараніць рэпрадуктыўнае здароўе, таму што дзяржава працягвае глядзець на жанчын, як на рэпрадуктыўны рэсурс у Беларусі, то-бок, у жанчыны ёсць функцыя нарадзіць дзяцей, і ўсё што ў нейкай ступені, магчыма, замінае выкананню гэтай функцыі, гэта для джяржавы не пажадана.
РР: Ці грамадства прыхільнае да таго, каб жанчыны мелі роўныя правы як мужчыны?
Наста Захарэвіч: З гэтым даволі цяжка, таму што грамадства вельмі разнастайнае, то-бок, вельмі шмат тых, хто глядзіць на жанчыну як на асобу другой катэгорыі, але тым не менш, я бачу, што з’яўляецца больш ініцыятыў, якія змагаюцца за тое, каб у жанчын былі роўныя правы, і больш ініцыятыў, які прынамсі агучваюць розныя праблемы і кажуць, што праблемы ёсць. Таму што ёсць людзі, і людзі на высокіх пасадах, якія сцвярджаюць, што ў нас усё добра. Беларуская дзяржава вельмі добра умее гуляцца са статыстыкай і рабіць так, каб мы ў міжнародных індэксах гендэрнай роўнасці выглядалі вельмі-вельмі прыстойна.
Цалкам размова:
Размаўляў Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя