Настасся Гусева – трэцяя затрыманая па справе графіці супраць міліцыі



Разам з анархістамі Дзмітрыем Паліенкам і Яўгенам Чуліцкім, якія абвінавачваюцца ў нанясенні графіці і знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання, была затрыманая таксама іх сяброўка Настасся Гусева.

Як паведаміла БелаПАН актывістка Марына Касінерава, дзяўчыну таксама абвінавачваюць па артыкуле 341 КК за нанясенне ў канцы снежня 2018 года на вуліцы Ахоцкая графіці супраць міліцыі. „Учора два адвакаты трапілі да Чуліцкага і Паліенкі, — сказала яна. — Таксама ўчора адбыліся допыты, якія следчы перанёс з сённяшняга дня”.

23 студзеня адвакат павінен наведаць і Гусеву, адзначыла Касінерава.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 22 снежня мінулага года Дзмітрый Паліенка з сябрамі нанеслі графіці на сцяну аднаго з будынкаў на вуліцы Ахоцкая. Верагодна, супрацоўнікі міліцыі змаглі іх апазнаць па відэа з акцыі, нягледзячы на закрытыя маскамі твары. 21 студзеня Паліенку і Яўгена Чуліцкага затрымалі. Раніцай таго ж дня ў кватэры Чуліцкага ў прысутнасці яго маці прайшоў вобшук, які праводзілі чатыры супрацоўнікі следчых органаў. Былі канфіскаваныя ноўтбук і некалькі тэлефонаў.

БелаПАН