Настаўнік: Сапраўды мусім скарачаць школьную праграму
Скарачэнне школьных праграмаў – вялікі ратунак для зберажэння здароўя дзяцей. Так лічыць настаўнік-практык з вялікім стажам пры знаёмстве з інтэрв’ю міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, які прапанаваў скараціць школьныя праграмы мінімум на 20-30%.
– Калі працуеш з дзецьмі па сучаснай школьнай праграме, то бачыш, што многія тэрміны, сучасныя правілы не ўспрымаюцца дзецьмі. Давайце, возьмем хімію для 7 класа. Калі прысутнічаеш на ўроку і слухаеш выкладчыка, дзяцей, або сын дома вучыць гэты прадмет, то бярэ жах, што прадмет абсалютна не адаптаваны пад псіхалогію і фізіалогію сучаснага школьніка. І гэта праблема ўжо падымалася, але да гэтага часу чамусьці не вырашана. Калі цалкам хімію прыбраць у 7 класе, то гэта будзе вялікі ратунак для здароўя дзяцей і яно не будзе пагаршацца. Ну і па іншых прадметах. Возьмем і фізіку, і філалогію. Там таксама ў 6-7-ых класах ёсць тэмы, якія можна вывучыць значна пазней, як я іх сам вучыў. І паверце, што я не дурнейшы, чым нашы вучні, якія займаюцца зараз.
– То бок беларускія школьнікі перагружаны?
– Яны сапраўды перагружаны. Кожны дзень па 6 урокаў у 7-класнікаў ( у мяне сын якраз займаецца). Плюс яшчэ спартыўная школа, плюс факультатывы, і ён, бывае, на працу-заняткі ходзіць больш, чым бацька або маці.
– Некаторыя бацькі баяцца, што праграму могуць занадта скараціць.
– Такая думка можа быць і правільная. У нас спачатку махаюць шашкай, а потым з гэтага выходзіць пшык. Але, калі я чытаў інтэрв’ю з міністрам, то ён сказаў, што “спачатку мы вывучым, які аб’ём праграм менавіта ў тых краінах, якія даюць высокую адукацыю. Хутчэй за ўсё ў еўрапейскіх краінах, магчыма, і ў азіяцкіх, Бог яго ведае. І калі гэта суаднясецца з нашай праграмай, то, можа, будзе ўсё нармальна.
– Таксама Міхаіл Жураўкоў гаварыў пра новыя падручнікі. Наконт гісторыі і літаратуры таксама ёсць пытанні. Калі ў ахвяру сучаснай ідэалогіі Касцюшка падаецца як польскі герой, а ў літаратуры няма месца такім прызнаным мэтрам як Быкаў, Бураўкін, Барадулін і нават Алексіевіч.
– Пра ўсіх пісьменнікаў так я не сказаў бы. Дапусцім, Васіль Быкаў усё-такі сустракаецца ў праграме і вывучаецца асабліва ў 11-ым класе. На пазакласным чытанні у 7 класе “Альпійская балада” вывучаецца. Хацелая б, каб гэты тытан вывучаўся шырэй, тым больш, што для кожнага школьнага ўзросту такі твор знойдзецца. Яны ўжо былі ў школьнай праграме. На жаль, былі зняты. Ну а са Святланай Алексіевіч, канешне, атрымаўся абсурд. Відаць, не чакалі, што яна стане Нобелеўскім лаўрэатам. Калі ўжо далі Нобелеўскага лаўрэата, пачалі рэзка гаварыць пра яе творы, узнаўляць у школьнай праграме. Трошкі смешна нават з боку Міністэрства адукацыі.
– За 22 гады незалежнасці ўжо было некалькі рэформаў школы. Што станоўчае ў гэтых рэформах вы можаце адзначыць?
– Слава Богу, што сёння з “1” і “2” усё-такі можна пераходзіць з класа ў клас пры ўліку таго, што школьнік ходзіць на заняткі. Я лічу, што другагодніцтва, якое было раней, пры Савецкім Саюзе, яно ніколі толку не давала ў фарміраванні падлетка, толькі прыгнятала яго.
Беларускае Радыё Рацыя