Настаўнікаў прымушаюць хадзіць па кватэрах вучняў



У многіх беларускіх гарадах настаўнікаў, у прыватнасці, класных кіраўнікоў, прымушаюць хадзіць па дамах вучняў і складаць спіс з 16 пунктаў, дзе пералічваюцца жыллёвыя ўмовы. У тым ліку настаўніку трэба засведчыць у дакуменце, у якім стане ў кватэры ці доме знаходзяцца каналізацыйныя трубы, якім чынам у дом праведзены газ. Падобныя дырэктывы настаўнікам разыходзяцца, напрыклад, у Віцебскай вобласці. Былая настаўніца матэматыкі з Воршы Валянціна Ігнаценка лічыць, што настаўніку варта ведаць, як жывуць вучні. Але настаўнік павінен зразумець гэту неабходнасць самастойна. А загады кіраўніцтва не маюць пад сабой закону, настаўнікі выконваюць іх толькі з-за страху перад начальствам.

– Часцей за ўсё настаўнікі, якія не згодны з недарэчнымі загадамі, папросту звальняюцца, сыходзяць у іншыя сферы, другія школы. Хоць калі б яны сабраліся, аб’ядналіся і сказалі: “Я павінен толькі вучыць і выхоўваць дзяцей, а больш нікому нічога я не павінен”. Было такое і ў нашы часы, але былі і прыклады, калі настаўнікі казалі, што яны не мусяць і не будуць гэтага рабіць.

Міністэрству адукацыі неабходна перагледзець стаўленне да настаўнікаў, зрабіць умовы іх працы больш чалавечымі, а для саміх настаўнікаў надышоў час навучыцца паважаць сябе і займацца сваімі працоўнымі абавязкамі, а не выконваць разнастайныя загады, дадала Валянціна Ігнаценка.

img_20161016_190904

img_20161016_190829

img_20161016_190746

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара