Настаўнікі польскай мовы з Гарадзеншчыны наведваюць Парыж



Пятнаццаціасабовая група настаўнікаў польскай мовы з грамадскіх школ, што дзейнічаюць пры непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў на Беларусі, наведвае Парыж. Візіт носіць адукацыйны характар – на працягу тыдня настаўнікі польскай мовы з Беларусі будуць знаёміцца з вопытам працы сваіх калегаў з парыжскай школы імя Адама Міцкевіча. Візіт стаў магчымым дзякуючы падтрымцы Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы і Цэнтра развіцця польскай адукацыі за мяжой. Як зазначае старшыня галоўнай рады Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс, міжнародныя кантакты ў галіне развіцця польскай адукацыі спрыяюць падвышэнню яе ўзроўню:

– Не можам прымусіць улады, каб выконваліся нашыя правы. Таму вымушаны шукаць альтэрнатыву, каб захаваць вывучэнне польскай мовы. І гэтая альтэрнатыва – пазашкольнае навучанне. Што робім у гэтай справе? Перадусім шукаем тых, хто змог бы быць настаўнікам.

Польская школа імя Адама Міцкевіча ў Парыжы з’яўляецца адным з самых вялікіх цэнтраў навучання польскай мовы па-за межамі краіны. Авалодаць роднай мовай тут маюць магчымасць 1300 палякаў, якія апынуліся ў эміграцыі.

bibliotheque-polonaise-de-paris

Польская бібліятэка імя Адама Міцкевіча ў Парыжы.

Беларускае Радыё Рацыя