Настаўнікі з Шуміліна шыюць аднаразовыя камбінезоны для мясцовых лекараў



Лякарня ў райцэнтры Шуміліна, які знаходзіцца за 45 кіламетраў ад Віцебска, перапрафілявана  для хворых на каронавірус з Шумілінскага і Гарадоцкага раёнаў. Тут знаходзяцца 15 пацыентаў, у якіх тэст даў станоўчы вынік, і так званыя “кантакты першага ўзроўню”.

Лекарам дабавілася працы, але катастрафічна бракуе сродкаў індывідуальнай абароны. Штодзень для персанала неабходныя 250 аднаразовых камбінезонаў і больш за 300 масак. Расход сродкаў для дэзінфекцыі вымяраецца дзясяткамі літраў, калі трэба, прыкладам, апрацаваць аўтамабіль, які перавозіў хворага. Лекары б’юць трывогу і просяць усіх, хто можа, прывезці бахілы, камбінезоны, рэспіратары, ахоўныя акуляры ці пластыкавыя шчыткі, якія закрываюць твар.

Сродкі для дэзінфекцыі пачалі вырабляць у мясцовай аптэцы, а аднаразовыя камбінезоны для лекараў шыюць нават настаўніцы мясцовай школы №1. Ім прывезлі ўзор камбінезона, жанчыны зрабілі выкрайку  і пашылі ўжо некалькі дзясяткаў гэтага сродку індывідуальнай абароны. Прычым адмысловую тканіну – спанбел – яны набылі за ўласныя сродкі. Цяпер настаўніцы спрабуюць спрасціць фасон ахоўнага камбінезона, каб  шыць іх хутчэй.

Дзякуючы фінансавай дапамозе неабыякавых людзей з усёй Беларусі, ініцыятыва #ByCovid19 набыла для шумілінскіх лекараў 300 аднаразовых халатаў, больш за 2 тысячы рэспіратараў высокай ступені абароны і  ахоўныя шчыткі.

Пра праблему стала вядома з допіса ў сацыяльных сетках ад імя намесніцы галоўнага лекара шумілінскай медустановы. Кіраўніцтва лякарні ў афіцыйных каментарах напачатку абвяргала неабходнасць у старонняй дапамозе. Аднак цяпер у лякарні адчынілі пазабюджэны рахунак, на які просяць усіх, хто можа,  пералічваць сродкі для набыцця самага неабходнага.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск