Настаўнікі заклікаюць дзяцей карыстацца „флікерамі”
Сёлета ў краіне назіраецца рост гібелі дзяцей у дарожна-транспартных здарэннях, – паведамляе Дзяржаўная аўта-інспекцыя. Паводле дадзеных ад пачатку года з удзелам падлеткаў адбылося 230 аварый у выніку якіх загінула 17 дзяцей і 213 атрымалі цяжкія траўмы. Такія здарэнні павялічваюцца ў восеньска-зімовы перыяд.
Па словах настаўніцы Ганны Канановіч, зараз у школах пачалася акцыя, мэта якой данесці бацькам неабходнасць пачапіць на вулічную вопратку дзяцей святло-адбівальныя элементы:
„Светлавы дзень у нас усё карацей і карацей з кожным днём, і кіроўцам усё цяжэй заўважаць пешаходаў на дарозе. Такія святлоадбівальныя элементы дапамогуць кіроўцам вызначыць хутчэй пешахода або роверыста. Набываючы зараз свайму дзіцяці рэчы на зіму, хацелася б, каб бацькі звярнулі ўвагу на такія элементы на вопратцы, і каб іх было як мага больш”.
Дарэчы, ў Беларусі нашэнне пешаходамі ў цёмную гадзіну сутак так званых “флікераў” з’яўляецца не пажаданнем, а патрабаваннем, за ігнараванне якога прадугледжаны штраф да 15 рублёў, а за паўторнае парушэнне ўжо да 90 рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя