Настаўніку адарвуць галаву?



У сацыяльных сетках з’явіўся аўдыёзапіс канфліктнай сітуацыі. Там жа пазначана, што голас на запісе належыць начальніку аддзела па адукацыі Камянецкага райвыканкама (Віктар Грыцук) і актывісту ініцыятыўнай групы, які выступае за захаванне адзінай сярэдняй беларускамоўнай школы ў згаданым раёне (Павел Кендысь).

Спрэчка, па словах Паўла Кендыся, мела месца 14 студзеня ў будынку Амелянецкай сярэдняй школы падчас бацькоўскага сходу:

Павел Кендысь: Паважаныя бацькі, падыміце калі ласка руку, хто хоча, каб дзеці навучаліся тут?

Бацькі: Усе хочуць. Усе хочуць.

Голас: Вы хто?

Павел Кендысь: Я – настаўнік гэтай школы.

Голас: Сядзь! Сядзь!

Павел Кендысь: Дарагі вы мой, не трэба мне тыкаць.

Голас: Таму што дагуляешся.

Павел Кендысь: Вы пагражаеце?

Голас: Пагражаю!

Павел Кендысь: Што вы можаце мне зрабіць?

Голас: Галаву адарваць!

Павел Кендысь – настаўнік геаграфіі і фізкультуры апошняй сярэдняй беларускамоўнай школы Камянецкага раёна ў вёсцы Амелянец і адзін з аўтараў петыцыі да мясцовых уладаў аб яе захаванні.

Віктар Грыцук – чыноўнік аддзела адукацыі мясцовага райвыканкама, пры якім, паводле ягоных жа словаў, зачынілі ўжо шэраг установаў адукацыі раёна. Сярод іншых могуць зачыніць і Амелянецкую СШ.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: omelsc.kamenec.edu.by, dranik.org