Настаўніцу замежных моваў Марыну Глазаву чакае суд
Пра гэта паведаміў яе бацька Уладзімір Глазаў на старонцы свайго ўліковага запісу ў Facebook.
Пацвердзіў інфармацыю і Telegram-канал мясцовага аддзялення пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна». Кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Я лічу, што над ёй здзекуюцца, таму што ёй ставяць у віну крымінальнае злачынства па артыкуле 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яны абралі ахвярай вось гэтую дзяўчыну. Зроблена гэта наўмысна, каб на прыкладзе гэтай дзяўчыны лякаць іншых, што і вам так будзе.
Разгляд крымінальнай справы Марыны Глазавай запланаваны на 20 студзеня на 10:30 у «Доме правасуддзя». Справа датычная падзеяў падчас адной з акцыяў пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, якая адбылася 13 верасня ў Берасці. Тады для рассейвання дэманстрантаў у раёне перакрыжавання праспекта Машэрава і бульвараў сілавікамі была ўжыта спецтэхніка, у тым ліку і «вадамёт».
Беларускае Радыё Рацыя