Наступствы ўрагану
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падлічыла страты, якія 13 ліпеня нанесла стыхія 26 раёнам Віцебскай, Менскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, а таксама беларускай сталіцы.
Агулам пацярпелі 510 населеных пунктаў. Дахі пашкоджаныя ў звыш паўтысячы жылых дамах, а таксама ў звыш ста іншых будынках.
У Чэрвеньскім і Смалявіцкім раёнах Менскай вобласці зваліліся дзве воданапорныя вежы. Без электрычнасці па краіне засталіся звыш за тысячу населеных пунктаў. Было зафіксавана 4250 выпадкаў падзення дрэваў, з іх у Менску — больш за 3600.
У амаль паўтысячы выпадкаў дрэвы падалі на аўтамабілі.
Па медычную дапамогу звярнуліся 36 чалавек, 7 з іх былі шпіталізаваныя. Быў парушаны рух цягнікоў на асіповіцкім і баранавіцкім кірунках, паколькі адключылася электраэнергія. Адбылося спыненне 26 цягнікоў.
З-за аварыі ў Менску 9 гадзін без вады былі жыхары Ленінскага, Завадскога, Кастрычніцкага і Партызанскага раёнаў.
У Нацыянальным аэрапорце «Менск» былі пашкоджаныя 8 самалётаў, прычым 3 з іх — сур’ёзна.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by