Насуперак заканадаўству ў мітрапаліта Паўла дагэтуль няма беларускага грамадзянства



Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, на прэс-канферэнцыі 23 верасня ў Менску паведаміў, што ў яго няма беларускага грамадзянства.

Відэазапіс сустрэчы прадстаўнікоў Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) са СМІ апублікаваны на афіцыйным канале Нацыянальнага прэс-цэнтра на відэасэрвісе YouTube.

На пытанне аб тым, ці ведае ён беларускую мову, вывучыць якую ён раней выказваў намер, праваслаўны іерарх адказаў: «У Беларусі існуе дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і руская. Я неаднаразова казаў, што разумець я разумею і, калі ёсць неабходнасць, то буду гаварыць».

Згодна з артыкулам 13 закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» кіраўніком рэлігійнай арганізацыі ў Беларусі «можа быць толькі грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Мітрапаліт Павел узначаліў Беларускую праваслаўную царкву ў канцы 2013 года, прыехаўшы з Расеі. У студзені 2014 года ён заявіў, што гатовы прыняць беларускае грамадзянства, не адмаўляючыся ад расейскага, каб даказаць, што ён «тут не дачаснік». Варта адзначыць, што паводле заканадаўства грамадзянінам Беларусі можа стаць чалавек, які не мае грамадзянства альбо адмаўляецца ад грамадзянства іншай краіны, каб атрымаць грамадзянства Рэспублікі Беларусь. У кастрычніку 2016 года мітрапаліт Павел заяўляў «Еўрарадыё для Беларусі», што Аляксандр Лукашэнка дазволіў яму не атрымліваць беларускае грамадзянства, паколькі для расяяніна гэта неабавязкова.

БелаПАН