Насупраць будынку ўраду Расеі вывесілі плакат у падтрымку Сянцова
Актывісты маскоўскага аддзялення „Открытой России” павесілі на Новаарбацкім мосце ў Маскве плакат у падтрымку палітзняволенага Алега Сянцова, які абвесціў галадоўку ў расейскай турэмнай калоніі, паведаміла ў Twitter „МБХ Медиа”.
На плакаце напісана „Свободу политическим заключенным!” и #SaveOlegSentsov.
Рэжысёр быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта. Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў.
14 траўня 2018 года Алег Сянцоў абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў. 19 ліпеня стала ведама, што стан Сянцова пагоршыўся: ён пагадзіўся самастойна прымаць харчовую сумесь, каб яе не ўводзілі прымусова.
Беларускае Радыё Рацыя