Наталля Бельчанка: Станавіцеся ў шэрагі вайсковага аб’яднання імя Кастуся Каліноўскага!



Госця Рацыі – украінская паэтка і перакладчыца, сябра ўкраінскага ПЭН-клуба Наталля Бельчанка, якая жыве цяпер у Кракавае. Пра гадавіну расейскай агрэсіі ва Украіне з ёй размаўляе наш карэспандэнт Стась Дадэрка.

Наталля Бельчанка Фота: facebook.com

РР: Наша размова праходзіць  у гадавіну паўнавартаснай расейскай агрэсіі супраць Украіны. Як вас увогуле не бянтэжаць гэтыя выразы, калі кажуць: год вайны. Насамрэч яна ідзе з 2014 года.

Наталля Бельчанка: Так, але поўнамаштабная цягнецца год і нас усіх хвалюе. Падзеі абвастраюцца, у мяне ў Кіеве сын, таму я і за гэта хвалююся звычайна. І непакоіць тое, што і Беларусь да гэтага афіцыйна хоча далучыцца, і гэта не радуе. Бывае, што расейцаў па тысячы людзей забіваюць у дзень, таму што іх кідаюць камандзіры проста як гарматнае мяса. Таму беларусы павінны ўсведамляць, каб не браць удзел і так гінуць тысячамі ва Украіне.  

РР: Калі пачаць усё ж такі з падзеяў той гадавой даўніны, як асабіста для вас пачаўся той дзень 24 лютага? Я разумею, што гэта балюча згадваць, але тым не менш. Вы ж былі ў Кіеве ў той момант?

Наталля Бельчанка: Я прачнулася ад моцных выбухаў у Браварах, і, вядома, мы ўсе былі ў вельмі цяжкім стане, бо не ведалі, як гэта будзе, але “Слава ЗСУ!” мы трымаемся і дзякуем нашым партнёрам, якія дапамагаюць нам.

РР: Хто вас уразіў у першыя дні вайны, дзякуючы каму Україна выстаяла, нягледзячы на тое, што той жа Лукашэнка даваў прагнозы, што за тры дні вырашаць украінскае пытанне?

Наталля Бельчанка: Вядома, што Лукашэнка неразумны чалавек. Мы абараняем нашу зямлю, нашы байцы абараняюць, валанцёры, якія робяць проста немагчымае: закупляюць машыны, тэхніку. То-бок уся краіна, усе людзі працуюць на перамогу, і, вядома, Расея не мае ніводнага шанцу.

РР: Тое, як паводзіў сябе Зяленскі, вас уразіла, вы чакалі ад яго такой рэакцыі на падзеі?

Наталля Бельчанка: Ведаю, што ён вельмі хутка вучыўся, і добра, што ён знайшоў правільных людзей, каб ратаваць краіну. Але мяне здзіўлялі тыя рэчы, якія былі зробленыя перад тым наступам. Напрыклад, навошта было разміноўваць подступы да Крыма? Не магло ж гэта быць зроблена без яго ведама, праўда? Або рамантаваліся дарогі ў Чарнобыльскай зоне. Дзеля чаго, каб праехалі расейскія танкі? Шмат пытанняў, але цяпер трэба забыцца да перамогі на ўсе дзіўныя рэчы, а пасля перамогі разабрацца, што было на самой справе.

РР: Вы, Наталля, спыніліся ў Кракаве, ратуючыся ад вайны, але вось літаральна днямі наведалі родны горад, украінскую сталіцу. Паводле вашага адчування, паводле таго, што вы ўбачылі, як змяніўся горад за гэты год?

Наталля Бельчанка: Я нават у Кракаве адчувала большы страх за родных, большыя хваляванні. А калі  трапіла ў Кіеў, тая вялікая колькасць людзей, якія амаль не рэагуюць на паветраную трывогу, настолькі спакойныя… Хоць я разумею, што аб’ектыўна няма чаму радавацца, што ўсе ходзяць не звяртаючы на паветраную трывогу, але, вядома, спакойныя.

У лютым былі яшчэ выключэнні святла на чатыры гадзіны, гэта было такім жахлівым выпрабаваннем. Гэта было такім зразумелым крокам, я хадзіла на чатырнаццаты паверх, туды, дзе я жыву. А з часам, літаральна перад маім ад’ездам, ужо пусцілі трамваі, пусцілі тралейбусы, святло не адключалі. І склалася ўражанне, што на маіх вачах усё ідзе да лепшага. Але паглядзім, нам трэба яшчэ выстаяць. Зараз, вядома, цяжкія падзеі на ўсходзе, якія так і працягваюцца.

РР: І пастаянная пагроза з поўначы, з тэрыторыі Беларусі, на жаль. Як на вашую думку ўвогуле зараз выглядаюць стасункі паміж сярэднестатыстычнымі ўкраінцамі і беларусамі? Я памятаю, як вы ўдзельнічалі ў фестывалі “Прадмова” і, здаецца, былі адзінай удзельніцай ад Украіны тады.

Наталля Бельчанка: Мне здаецца, што трэба падтрымаць беларусаў у іхняй барацьбе, таму што ў большасці імперскіх расейцаў у Беларусі зусім іншы шлях. У Кракавае выступаў “Вольны хор”, і мне здалося, што было вельмі моцна, свядомасць беларусаў. Я бачыла, як на гэта рэагавалі беларусы, і я думаю, што не толькі ў Кракавае. Існуе нават і вайсковае аб’яднанне імя Кастуся Каліноўскага.То-бок няхай беларусы ідуць на дапамогу ўкраінцам і не звязваюцца з расейцамі, таму што для іх гэта будзе канец. Так што станавіцеся ў шэрагі вайсковага аб’яднання імя Кастуся Каліноўскага!

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя