Наталля Каролік: Пісаць дыягназ ВРІ цяпер забаронена
Стан здароўя медсястры агульнай практыкі Баранавіцкай раённай паліклінікі Наталлі Каролік, хворай на цукровы дыябет, пагоршыўся.
Да гіпертанічнага крызу, справакаванага “выхаваўчай размовай” з ёю загадчыка паліклінікі Мікалая Фядзько, далучылася вірусная інфекцыя, кажа Наталля Каролік:
– Павысілася тэмпература, сухі кашаль, катаральныя з’явы, слёзы пацяклі. Я канешне адпрацавала да 12-ці гадзін. Мы прынялі каля 30-ці чалавек, бо ідзе наплыў людзей, усе з тэмпературай і кашлем. Калі я была на прыёме, мяне паслухалі, мяне паглядзелі: у мяне ўсе катаральныя з’явы, тэмпература, чырвона горла і кашаль, які ўсіх пужае.
Паводле Наталлі Каролік, да панядзелка яна на бальнічным з дыягназам ларынгатрахеіт. Запісваць дыягназ вострая рэспіраторная інфекцыя цяпер забаронена.
Нагадаем, што Наталля Каролік адносіцца са сваёй хваробай да групы рызыкі. Яна напісала заяву на імя Фядзько Мікалая, каб яе не накіроўвалі працаваць у інфекцыйны кабінет, дзе прымаюць падазроных на каронавірус, замест яго намесніцы Аксаны Дашкевіч. Дашкевіч стала падпрацоўвае ў гэтым кабінеце разам з лекарам–інфекцыяністам Святланай Гаркавай.
Да просьбы Каролік не прыслухаліся. Жанчына агучыла сітуацыю на нашым радыё.
Беларускае Радыё Рацыя