Наталля Каролік: За ноч мне зрабілі рамонт кабінета



Медсястра Баранавіцкай раённай паліклінікі №3 Наталля Каролік абараняе свае працоўныя правы. Жанчына вымушана была паскардзіцца памочніку прэзідэнта па Берасцейскай вобласці Анатолю Маркевічу на нізкі заробак пры вялікім аб’еме працы і на дрэнныя ўмовы працы. Яна не хоча выконваць работу на паўтары стаўкі, калі ёй аплачваецца толькі стаўка – 366 рублёў.

Паводле Каролік, за гэтыя грошы, калі не будзеш сядзець галодным, зімой не аплаціш камунальныя. Яе кіраўнікам Мікалаю Фядзько і Васілю Раманоўскаму, відаць, сорамна было назваць рэальны заробак медсястры, таму памочніку прэзідэнта яны агучылі іншыя лічбы, кажа Наталля Каролік:

– Ён задаў пытанне: а які заробак у Наталлі Уладзіміраўны? Васіль Барысавіч гучна адрапартаваў – 720 рублёў. Калі так, то дзе мае тады яшчэ 380 рублёў, куды яны ідуць?

Пасля візіту да памочніка прэзідэнта, па словах Каролік, палепшыліся ўмовы на працоўным месцы:

– За ноч мне зрабілі рамонт кабінета, і я спадзяюся, што мне зараз не будзе падаць снег на галаву і ліць дождж на сцяну. Пры гэтым хацелася б яшчэ атрымаць і мэблю, таму што я фактычна працую без мэблі і аргтэхнікі.

Наталля Каролік не ўпэўнена, што яе заробак стане большым, хоць Анатоль Маркевіч праблему паабяцаў вырашыць. Вось толькі разліковыя Каролік за апошнія тры месяцы, якія яна прасіла паказаць Лукашэнку, засталіся ляжаць на падлозе ў калідоры ў гарвыканкаме. Наталлі Каролік патэлефанавалі, каб забрала.

Беларускае Радыё Рацыя