Наталля Крывашэй абскарджвае прысуд



Гомельская журналістка Наталля Крывашэй, якую пакаралі максімальна магчымым штрафам у 50 базавых адзінак ці 9 мільёнаў рублёў, абскардзіла пастанову суда Цэнтральнага раёна Гомеля.

hato06natallja-kryvaszei

Фрылансерка не згодная з пакараннем за “незаконны выраб прадукцыі СМІ” без акрэдытацыі для тэлеканалу “Белсат”. Праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае журналістцы абскарджваць штрафы, кажа, што сёлятнія справы пакараных журналістаў патрэбна абавязкова даводзіць да міжнародных структур:

– Будзем падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Падставай для пакарання стаў відэасюжэт «Самагубства выкладчыцы», паказаны ў праграме “Аб’ектыў” спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”. Гэта ўжо трэці адміністрацыйны штраф фрылансерцы Наталлі Крывашэй за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Агулам сума яе штрафаў складае 18 мільёнаў рублёў. За згаданы сюжэт 9 чэрвеня ў Цэнтральным судзе аштрафавалі на 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў і журналіста Кастуся Жукоўскага.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gomelspring.org