Наталля Пінчук: Гэта было абсалютнай нечаканасцю
Жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які атрымаў Нобелеўскую прэмію, дзеліцца з нашым радыё ўражаннямі ад гэтай падзеі.
РР: Віншуем з атрыманнем Нобелеўскай прэміі спадара Алеся. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі, як сустрэлі гэтую навіну, што яна для вас азначае?
Наталля Пінчук: Гэта было абсалютнай нечаканасцю. Я думаю, што не толькі для мяне, а шмат для каго, таму што, калі ў ранейшыя часы яго намінавалі на Нобеля, то там можна было на нешта спадзявацца, што ёсць шорт-ліст і г.д. А што тычыцца апошняга часу, то я нават і не чула, што яго вылучалі на нейкія магчымасці атрымаць гэтую прэмію. Зразумела, што гэта абсалютна нечаканая навіна, я пакуль што цяжка спраўляюся з эмоцыямі. Я не была дома, і звесткі пра прэмію мяне якраз заспелі на вуліцы.
РР: Як вы даведаліся, хто вам паведаміў?
Наталля Пінчук: Шмат тэлефанаванняў я прапусціла, я проста не чула, таму што ішла па дарозе, заглушала наваколле. І ў рэшце рэшт адзін тэлефон прабіўся да мяне, вельмі гучна і настойліва тэлефанаваў, і я ўсё ж такі пачула. Гэта была мая сяброўка, якая патэлефанавала мне і сказала пра гэту навіну. Вельмі коратка, ёмка і дакладна. І каб болей мяне не затрымліваць на тэлефоне, паклала трубку.
Я ўжо пасля паглядзела, што ідуць тэлефанаванні, на жаль, прачытаць не магла, сонца адбівала, і я мусіла ўжо хутчэй вяртацца дадому, каб вось тут ужо неяк паглядзець інфармацыю і адказаць на тэлефанаванні.
У першую чаргу, хацелася б выказаць вялікую ўдзячнасць за прэмію Нобелеўскаму камітэту, тым, хто за гэтым стаяў, міжнароднай супольнасці за тое, што прызналі працу Алеся, яго калег і яго арганізацыі. Гэта вельмі важна, асабліва ў цяперашніх умовах.
РР: Якім чынам і як думаеце перадаць гэтыя звесткі Алесю, ці магчыма ён ужо ведае?
Наталля Пінчук: Я не ведаю, ці ведае ён, мабыць, паспрабую тэлеграмай. Можна таксама і іншым паспрабаваць тэлеграмамі.
РР: З чаго пачнеце пісаць?
Наталля Пінчук: З цудоўнай навіны.
Беларускае Радыё Рацыя