Наталля Пінчук: У мяне не было ніякіх ілюзій адносна прысуду
Сёння, 3 сакавіка, у Менску быў вынесены прысуд праваабаронцам «Вясны». Суддзя Марына Запаснік прысудзіла 10 гадоў калоніі лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму. На сувязі з нашым радыё была ў жывым эфіры Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага.
РР: Прызнаюся ў мяне былі, не вялікія, але ж былі спадзяванні, што суд усё ж такі пакажа хоць мінімум прыстойнасці. Я памыліўся. Маем жорсткі прысуд. І першы на планеце прысуд Нобелеўскаму лаўрэату.
Наталля Пінчук: Так. Што тычыцца спадзяванняў, то я такіх спадзяванняў не мела, што суд вынесе іншы вырак. Увогуле я меркавала, што тое, што запатрабуюць пракуроры, тое і прысудзяць. Яны вырашылі паказаць сябе быццам бы тымі, хто можа пайсці і на змяншэнне тэрміну. Але мы разумеем, што гэта мізэрныя іхныя спробы. І хутчэй так было разлічана ад пачатку, што суд ішоў па сцэнары раней прапісаным. Што тычыцца самога прысуду, то ён, вядома, вельмі жорсткі, і мы разумеем, што 10-9-8-7 гадоў, гэта вялізныя тэрміны. Самае змрочнае, самае не зразумелае тое, што часам нават злачынцы, якія сягалі на чужое жыццё, якія ўчынялі забойствы, яны не заўсёды атрымліваюць такія вялізныя тэрміны.
РР: Зараз у Беларусі прысуды ў 10 і больш гадоў ужо ніякае не дзіва.
Наталля Пінчук: Так, мы ведаем, што да 25 год даходзяць тэрміны.
РР: А калі ў вас была апошняя інфармацыя ад Алеся, у якасці ліста, ці нейкі іншы кантакт?
Наталля Пінчук: Апошні ліст датаваўся 14 лютым. У сувязі з тым, што адбываўся судовы працэс, лісты прыходзілі не часта.
РР: Што пісаў Алесь?
Наталля Пінчук: Ліст быў вельмі кароткім. У тым плане, што калі ёсць нейкая неабходнасць перадаць штосьці, то пішацца вельмі кароткі ліст, каб цэнзары здолелі прачытаць і не затрымлівалі яго. Таму асабліва інфармацыі ніякай. А паведамлялася, што неабходна перадаць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя. Размаўляў Міхась Андрасюк.