Наталля Радзіна: Мы гатовы абараняць сайт



“Мы гатовы абараняць сайт «Хартыя’97», – кажа яго галоўная рэдактарка Наталля Радзіна.

Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала доступ да старонкі charter97.org. Наталля Радзіна гэта тлумачыць папулярнасцю сайта, маўляў, улады перасцерагаюцца, што на Дзень Волі вернецца актыўнасць пратэстаў, як вясною,  і пачалі зачышчаць інфармацыйную прастору. Але рэдакцыя сайта гатовая абараняцца. Кажа Наталля Радзіна:

– Мы звяртаемся зараз у праваабарончыя арганізацыі, Камітэт па абароне журналістаў, АБСЕ, МЗС-ы еўрапейскіх дзяржаў, еўраструктуры з заклікам паўплываць на ўлады Беларусі і заклікаць іх спыніць ціск на свабоду слова ў Беларусі.

Бясконцымі плынямі ідуць званкі, лісты, паведамленні з-за блакавання «Хартыі’97». Мабыць, Лукашэнка ведае рэальную сітуацыю ў эканоміцы, калі наважыўся на такі крок, напісала Наталля Радзіна пасля блакавання сайта ў сацыяльных сетках. Там, дарэчы, таксама разгарнулася акцыя салідарнасці, да якой, між іншым, заклікае шэраг арганізацый.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv.ua