Наталля Радзіна: Нам усім патрэбна салідарнасць



Адной з прычын пераследу незалежных журналістаў і рэдакцый можа быць інфармацыя пра праблемы са здароўем у Аляксандра Лукашэнкі. Гэтага не выключае галоўны рэдактар сайта „Хартыя’97” Наталля Радзіна. 

Прыгадаем, што ўначы на 30 ліпеня на тэлеграм-канале „Незыгарь” з’явілася інфармацыя пра інсульт у Лукашэнкі. Гэта супала і з навіной пра тое, што не адбыўся запланаваны візіт кіраўніка Беларусі ў Гомель. Але праз некалькі дзён Лукашэнка з’явіўся на экранах тэлевізараў, яго прэс-сакратар абвергла інфармацыю пра інсульт.

У сітуацыі пераследу і затрыманняў незалежных журналістаў, якая працягваецца ўжо некалькі дзён, Наталля Радзіна заклікае найперш да супольнай салідарнасці. Таксама журналістка лічыць, што не варта разлічваць на дапамогу Еўразвяза, які, на яе думку, цяпер паводзіць сябе цынічна ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

РР: Якія былі вашыя першыя думкі, як толькі вы даведаліся, што на офіс TUT.BY і БелаПАН прыйшлі з ператрусамі, што офісы ачэплены АМАПам? 

Наталля Радзіна: Эмоцыі – гэта канешне абурэнне, спачуванне ў адносінах да калегаў, жаданне неяк дапамагчы. Па свайму досведу ведаю наколькі гэта цяжка, калі цябе арыштоўваюць, калі праводзяць вобшукі ў рэдакцыі, праводзяць вобшукі дома – гэта канешне вельмі непрыемна. А думкі, якія ўзніклі, ну адразу было зразумела, што пачынаюць яшчэ больш закручваць шрубы, што адбываецца чарговы накат на незалежную журналістыку. Падобна, што ў гэты раз улады вырашылі падпарадкаваць сабе абсалютна ўсіх. Цяпер пераследуюць умераныя медыі, бо ні TUT.BY, ні БелаПАН нельга назваць апазіцыйнымі. Адносна незалежнасці TUT.BY таксама ёсць вялікія пытанні, бо зразумела, што гэта буйны бізнес, які дагэтуль больш за 20 гадоў спакойна існаваў ва ўмовах дыктатарскай краіны. Яго журналісты ніколі не пераследваліся ў адрозненні ад журналістаў той жа „Хартыя’97”, тэлеканала „Белсат”, „Радыё Рацыя”, незалежных газет, якія масава закрываліся ў краіне. Такія думкі былі, што пачынаецца поўная зачыстка інфармацыйнага поля Беларусі, якое працягваецца ўжо 25 год. Калі браць гэты год, то ён пачаўся як раз такі з блакіроўкі сайта „Хартыя’97”. Я тады папярэджвала, што калі не будзе салідарнасці, як міжнароднай, так і ўнутры беларускай, то гэтыя рэпрэсіі працягнуцца. У прынцыпе, так і адбылося, паколькі былі прынятыя папраўкі ў закон „Аб СМІ”, якія ўзмацнілі цэнзуру ў інтэрнэце, пачалі ўзбуджацца крымінальныя справы супраць незалежных блогераў, сталі пераследваць журналістаў „Белсата”, „Радыё Рацыя”, якія сёння вымушаныя працаваць з Польшчы. Цяпер мы бачым спробу знішчць БелаПАН і TUT.BY.

РР: Выказваюцца розныя гіпотэзы, што было сапраўднай падставай. Ёсць версія, што гэта тая фэйкавая інфармацыя пра нібыта інсульт Аляксандра Лукашэнкі магла паслужыць такой падставай. Блогер Яўген Ліпковіч выказвае меркаванне, што магчыма проста шукаюць крыніцы інфармацыі тых, хто ў дзяржаўных структурах падае інфармацыю журналістам. Як Вы мяркуеце, што магло б быць сапраўды?

Наталля Радзіна: Насамрэч версія наконт інсульта мае права на жыццё. Мне здаецца, яна верагодная, паколькі сёння насамрэч відавочна, што ў Аляксандра Лукашэнкі былі сур’ёзныя праблемы са здароўем, і гэта мог быць інсульт ці ішэмічныя атакі. Тое, што гэта інфармацыя прасачылася, тое што яна з’явілася ва ўсіх беларускіх, расейскіх, замежных медыя, і тая рэакцыя, якую яна выклікала сярод беларусаў. Вы ж бачылі, што людзі цешыліся гэтаму, то бок многія лічылі, што вось, нарэшце збылося тое, чаго мы так даўно жадалі. Лукашэнка ж зусім не папулярны сёння ў народа, больш за тое, людзі яго ненавідзяць у сваёй большасці. Таму канешне ж гэта магло быць рэакцыяй у адказ з боку рэжыму, менавіта паказць, хто ў доме ўсё яшчэ гаспадар. Пачаўся наезд непасрэдна на журналістаў, што звычайна і адбываецца, у першую чаргу пакутуюць людзі нашай прафесіі, напэўна наступныя пасля дэмакратычнай апазіцыі. Гэта можа быць канешне ж. Нейкія іншыя варыянты, мне адзінае што здаецца, можа быць гэта яшчэ звязана з зачысткай інфармацыйнага поля Беларусі перад нейкай расейскай агрэсіяй – расейскай акупацыяй, то бок такі варыянт таксама нельга выключаць. Можна па-рознаму ацэньваць ступень свабоды тых ці іншых беларускіх недзяржаўных медыя, але ўсе медыя да якіх прыходзяць з вобшукам затрымліваць журналістаў, яны ўсё ж такі прабеларускія медыя, яны стаяць на пазіцыях беларускай незалежнай дзяржавы. Зачыстка інфармацыйнай прасторы вельмі выгадна Расеі, паколькі мы бачым, што беларусы сёння глядзяць расейскае тэлебачанне, слухаюць расейскія радыёстанцыі з расейскімі навінамі. Пасля блакіроўкі сайта „Хартыя’97” адбыўся рэзкі пераход беларускіх карыстальнікаў інтэрнэт-сайта ў расейскі сегмент інтэрнэта. Цяпер пасля зачысткі застаўшыхся прабеларускіх недзяржаўных медыя, якія напэўна хочуць пераўтварыць у адну вялікую „БелТУ”, усё больш людзей на жаль будзе звяртацца па інфармацыю да прапагандысцкіх расейскіх медыя.

РР: У апошнія гады беларускае Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Уладзімір Макей вельмі актыўна прасоўваюць інтарэсы Беларусі, у тым ліку ў Еўразвязе, каб наладзіць гэтыя стасункі. Гаворыцца, што гэта атрымліваецца, ёсць нейкае пацяпленне, нейкія запрашэнні ўжо паступаюць. Наколькі тут можна сказаць, што левая рука не ведае, што робіць правая? Тое, што адбываецца цяпер, мы бачым, што прадстаўнікі ЕЗ прыйшлі, наведалі офіс БелаПАН, ЕЗ заклікаў выпусціць журналістаў. Ці гэта не супярэчыць палітыцы нібыта наладжвання адносінаў з ЕЗ?

Наталля Радзіна: Ды няма асабліва ніякай палітыкі наладжвання цёплых адносін. Калі заблакавалі сайт „Хартыя’97”, то ў нашу падтрымку выступілі і ўрады краін ЕЗ і буйнейшыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Была прынятая рэзалюцыя Еўрапейскага парламента, у якой было патрабаванне неадкаладна разблакаваць сайт, але гэта ніяк не дзейнічала на ўлады Беларусі. Пытанне ў іншым. Зразумела, што Макей ездзіць на Захад толькі з адной мэтай – каб атрымаць грошы Еўразвяза. Еўразвяз у сваю чаргу пераследуе выключна гандлёва-эканамічныя мэты ў Беларусі. То бок, мы бачым, што сёння Захад закрывае вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Далей заяў і візітаў нічога не робіцца. Палітыкі, на жаль, ідуць на повадзе ў бізнесоўцаў і самі пераўтварыліся ў коміваяжораў. Беларусь ім выгадная, каб абыходзіць санкцыі. Гэта беспрынцыповасць, цынізм і глупства, гэта стратэгічнае глупства і слепата.

РР: Вяртаючыся да таго, што зараз адбываецца з незалежнымі медыя, у рэдакцыях, хоць прагназаваць і няўдзячная справа, але які маеце прагноз развіцця падзей?

Наталля Радзіна: Зразумела, што гэта не будзе 2010 год, калі нас усіх закрылі ў турму і абвінавацілі па артыкуле “Арганізацыя масавых беспарадкаў” да 15 гадоў пазбаўлення волі. Я думаю, што зараз адбываецца пераўтварэнне ўсіх медыя ў адну вялікую „БелТУ”, для таго, каб яны не дазвалялі сабе ўжо зусім нічога, нават адносна смелых матэрыялаў на сацыяльныя тэмы. Таму гэта хутчэй за ўсё спроба канчаткова прыструніць гэтыя медыя, а таксама спроба завербаваць журналістаў. Бо я ведаю па ўласным досведзе, па досведзе людзей, якіх арыштоўвалі ў 2010. Калі садзяць журналіста, яго прымушаюць падпісваць паперу пра супрацу шляхам шантажу, запалохвання. Успамінаю, як мне пагражалі. Начальнік турмы КДБ Арлоў, які проста казаў, што я выйду з турмы не раней, чым праз 5 год, калі не падпішу гэту паперу і не буду даваць паказанні супраць палітыкаў. А таксама яны зробяць усё, каб у мяне ніколі не было дзяцей. Пагражаў, што мая маці памрэ і мяне не дачакаецца. Было вельмі цяжка прыняць гэтае рашэнне. Са слязьмі я адмовілася, бо жыць нават на волі з гэтым было б складана. Гэта паўсюдная практыка. Нядаўна быў артыкул, дзе Віталь Зыблюк, былы галоўны рэдактар “Еўрарадыё”, сказаў, што ў незалежных медыя Беларусі ёсць куратары з КДБ, з якімі рэдактары мусяць сустракацца, размаўляць. Гэта дзікунства, гэта прамая цэнзура. Гэта значыць, што фактычна медыя пад кантролем трымае КДБ, вызначае тэмы, якія могуць ці не могуць быць, вызначае персаналій. Гэта ж страшная рэч. Бо я пра гэта чула ад беларускіх рэдактараў у прыватных размовах ужо вельмі даўно, і не ведаю чаму гэтую тэму не абмяркоўваюць сёння журналісты. Я разумею, што гэта небяспечна, давайце гэта абмяркоўваць адкрыта. Не я адна буду гэта гаварыць ці Дзмітрый Бандарэнка, якія сказаў пра гэта яшчэ ў 2012, і на яго ўсе накінуліся, што гэта хлусня. Гэта праўда! І гэта сур’ёзная праблема.

РР: З якімі словамі вы хацелі б звярнуцца да журналісцкай супольнасці?

Наталля Радзіна: Салідарнасць, нам усім патрэбна салідарнасць. Я памятаю досвед ад блакіроўкі „Хартыя’97” . Было шмат салідарнасці ад людзей, ад журналістаў. І дзякуй „Радыё Рацыя”, вы заўсёды з намі салідарныя. Але былі людзі, якія радаваліся, бо сышоў канкурэнт з рынка. Але наклікалі самі на сябе бяду. Калі б журналісцкая супольнасць была больш салідарнай, то ўлады пабаяліся б зачапіць наступны раз журналістаў. Таму сёння вельмі важна памятаць гэты досвед і стаць сцяной адзін за аднаго. Толькі так мы зможам выжыць.

На гэты момант за кратамі застаюцца карэспандэнт Deutsche Welle ў Менску Паўлюк Быкоўскі і галоўны рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя