Наталля Радзіна: Пашыраецца інтэрнэт-цэнзура ў Байнэце
“Беларускія ўлады ўвялі паўнавартасную інтэрнэт-цэнзуру ў Байнэце. Доступ да нашага сайту другі дзень заблакаваны для жыхароў Беларусі,” – паведамляе рэдакцыя сайта charter97.org. Адзначаецца, што блакаванне сайта для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў супярэчыць нават тым законам, якія прынялі беларускія ўлады, а рэпрэсіўныя папраўкі ў закон аб СМІ павінны ўвайсці ў дзеянне толькі з першага студзеня і «Белтэлекам» парушае Канстытуцыю і дзеючае заканадаўства. Напярэдадні, каментуючы сітуацыю, рэдактар сайта Наталля Радзіна выказала меркаванне, што новы закон увогуле прымаўся з аглядкай на Хартыю:
– Лічу, што гэты новы закон прыняты непасрэдна супраць “Хартыі”, паколькі ўлада баіцца масавага, папулярнага, незалежнага інтэрнэт-рэсурса, які працуе без цэнзуры і без самацэнзуры. У іх няма нейкіх іншых крыніц ціску на нас, таму яны вырашылі проста нас блакаваць. Фактычна Беларусь сёння скацілася да ўзроню Турменістана і Узбекістана.
Каб абыйсці блакаванне, Хартыя-97 дае падрабязную інструкцыю. Таксама ад учорашняга вечару заблакаваны доступ да сайта “Салідарнасці” з тэрыторыі Беларусі. Блакаванне ажыццяўляецца на ўзроўні магістральнага канала сувязі, паведамляюць супрацоўнікі сайта.
* * *
Доступ з Беларусі да сайта Хартыі заблакаваны. Пра гэта паведамляюць чытачы сайта. Меркавана блакаванне ідзе праз адно са структурных падраздзяленняў «Белтэлекаму», і доступ заблакаваны для ўсіх карыстальнікаў, хто спрабуе патрапіць на сайт праз канал „Белтэлекама”. Мы звярнуліся па каментар да рэдактара Хартыі Наталлі Радзінай, яна ўпэўнена, што сітуацыя звязана як з новым законам «Аб СМІ», так і з сітуацыяй на валютным рынку краіны:
– У краіне зараз адбываецца валютная паніка. Практычна на 30% абвалены курс рубля. Людзі стаяць у чэргах у абменніках, спрабуць скупаць валюту. Падае давер да ўлады. І ў гэтай сітуацыі Лукашэнка, відаць, вырашыў блакаваць апошнія крыніцы незалежнай інфармацыі, у прыватнасці сайт Хартыі. Больш таго, зараз яны дзейнічаюць на апярэджанне, відаць, не паспяваюць, эканамічныя ўмовы робяцца ўсё больш кепскімі, таму яны вырашылі заблакаваць сайт Хартыі раней, чым уступіў у сілу новы закон «Аб СМІ».
Гэты закон прымаўся ўвогуле з аглядкай на Хартыю, кажа Наталля Радзіна, паколькі ўлады баяцца такога папулярнага інтэрнэт-рэсурсу, які не падлягае цэнзуры. Фактычна, адзначае рэдактар, Беларусь скацілася да ўзроўню Узбекістану і Туркменістану.
Рэдакцыя Хартыі была гатовая да такога развіцця падзей:
– Мы паведамлялі чытачам, як абыходзіць блакіроўку. Будзем распаўсюджваць гэтую інфармацыю далей. І думаю, што беларусы знойдуць спосаб, як чытаць свой любімы сайт.
Кліенты мабільных аператараў ды інтэрнэт-правайдэраў пакуль свабодна трапляюць на сайт charter97.org. З’явілася інфармацыя, што заблакаваны таксама сайт «Беларускі партызан», які недасяжны з Беларусі.
Сайт „Белтэлекама” паведамляе пра DDOS-атаку на сваё абсталяванне. У сувязі з гэтым „магчымыя цяжкасці з доступам да шэрагу інфармацыйных рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт”.
Паведамляецца, што спецыялісты прымаюць усе магчымыя меры па лакалізацыі праблем.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя