Наталля Шарлан: Мая гісторыя пачалася з 2020 года



Госця “Беларускага Радыё Рацыя” – Наталля Шарлан – лідчанка, беларуская валанцёрка, прадстаўніца Саюза палякаў у Беларусі, актыўная ўдзельніца паслявыбарчых падзеяў 2020 года.

РР: Многія беларусы кажуць, што менавіта 2020 год стаў пераломным у іх усведамленні. Калі раней беларусы не цікавіліся палітыкай, то зараз яны зацікавіліся. Як выглядае ваша гісторыя?

Наталля Шарлан: Мая гісторыя таксама пачалася з 2020 года. Па-першае, з тым, што адбывалася раней,  я таксама не магла змірыцца. З несправядлівасцю, што насамрэч няма сапраўдных выбараў. 2020 пачаўся з Ціханоўскага. Менавіта яго “Вольны мікрафон” даў людзям зразумець, што значыць выказвацца адкрыта. З Ціханоўскім мне давялося сустрэцца. І калі пачынаўся збор подпісаў, я вырашыла для сябе, што прыму актыўны ўдзел у гэтым.

РР: Мы зараз знаходзімся ў студыі „Беларускага Радыё Рацыя”, а вы ў цішотцы, на якой Вітольд Ашурак – чалавек, звязаны з Лідчынай. Гэта, напэўна, вялікая страта для Лідскай зямлі, для тых людзей, якія хочуць жыць вольна. 

Наталля Шарлан: Вельмі вялікая страта. Гэта для мяне быў брат і сябра. Калі я даведалася, што Вітольда не стала, для мяне быццам бы час спыніўся. Быццам ты ў такой прастрацыі, што ўжо ўсё. Няма таго чалавека, які столькі змагаўся за вольнасць, за годнасць, за экалогію. Які быў праўдзівы заўсёды.

Вітольд Ашурак – актывіст з Бярозаўкі, сябра Партыі БНФ. Каардынатар руху «За свабоду». Ня раз балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент.

Падымаў экалагічныя пытанні: ён змагаўся супраць шкоднай вытворчасці шкловаты. Палітвязень Вітольд Ашурак, якому 18 студзеня ў Лідскім раённым судзе прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, памёр у шклоўскай калоніі на 51-м годзе жыцця, пра гэта стала вядома 21 траўня.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя