Наталля Васілевіч: Цэрквы засталіся недзе ззаду
Царква ў Беларусі не выконвае сваю функцыю – весці наперад сваю паству. Кажа наша госця – Наталля Васілевіч, багаслоў, палітолаг, мадэратарка групы “Хрысціянская візія” Каардынацыйнай рады. На размову запрашае Яна Запольская.
– У Варшаве ёсць нейкія зрухі, каб рабіліся набажэнствы па-беларуску?
– Я сама не ў Варшаве, але ведаю, што беларускія вернікі хацелі б зрабіць праваслаўныя набажэнствы па-беларуску. Цяпер стаіць пытанне, каб знайсці святара, які мог бы такія богаслужэнні праводзіць.
– Наколькі гэта важны элемент быцця беларускай дыяспары ці новай плыні беларускай эміграцыі?
– Я жыву некалькі гадоў у Нямеччыне і ў мяне няма магчымасці маліцца па-беларуску. І я не пакутую з гэтага, я магу маліцца на розных мовах. Для мяне сама наяўнасць магчымасць маліцца – гэта нейкі прывілей, за які я ўдзячна. Я б не стала спецыяльную беларускуюб службу рабіць, таму што нават у Менску гэта цяжка зрабіць. Адзін раз зрабіць лёгка і на першую службу часта прыходзяць вельмі шмат людзей, але падтрымліваць і быць пастаянным, не ведаючы, як доўга ты тут застаешся, таму што цяперашняя міграцыя такая часовая. На такіх людзей цяжка разлічваць, што яны будуць пастаянна гэта рабіць. Таму я разумею царкоўных іерархаў, якія баяцца запускаць нейкі праект, бо такія спробы ўжо былі і ёсць негатыўны досвед у той жа Вільні, калі на службу прыходзіць толькі святар.
– Вяртаючыся да апошняга года існавання Беларусі, часта і ў польскіх медыя, і ў беларускіх праходзіла параўнанне з часоў польскай Салідарнасці, калі менавіта каталіцкая царква выканала значную ролю. Уздым быў звязаны з каталіцкімі іерархамі. У Беларусі можна нейкае параўнанне праводзіць?
– Зусім не. Цяпер гэта не царква, не касцёл, не рэлігійная арганізацыя, не вера інспіравала, стала натхненнем для пратэстаў. Гэта не дзякуючы хрысціянству, не дзякуючы царкве, касцёлу людзі адчулі прагу да праўды і справядлівасці, да хрысціянскага чагосьці па сваёй сутнасці. Цэрквы засталіся недзе ззаду. На жаль, гэта так, але маральная і эмацыйная вастрыня, іх маштаб і этычны змест, ён безумоўна не мог пакінуць абыякавымі і хрысціян. Але гэта не тая роля, якую б царква павінна была выконваць, проста пабачыць гэтыя знакі часу, царква павінна ствараць гэтыя знакі часу. Калі гэта сапраўдная царква – яна павінна бачыць лепш, чуць лепш, разумець лепш, адрозніваць дабро і зло лепш. А тут мы так задаволены, што хаця б царква больш-меньш у відавочных сітуацыях не блытае дабра і зла.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле:
Пры гэтым Наталля Васілевіч выказвае спадзяванне на тое, што Царква ў Беларусі адродзіцца, і на гэтым “дрэве вырастуць новыя парасткі”.
Фота Яны Запольскай Беларускае Радыё Рацыя