Наталлю Папкову пасля адбыцця арышту адвезлі на псіхіятрычную экспертызу
Адну з берасцейскіх лідарак пратэстаў «не дармаедаў» Наталлю Папкову пасля адбыцця сямісуткавага арышту адвезлі на псіхіятрычную экспертызу.
Пра гэта паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які разам з паплечнікамі сустракаў яе ля ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця:
— Пакуль мы стаялі на вуліцы пачулі жаночыя крыкі. Падбеглі, а там апынулася, што гэта некалькі міліцыянтаў тоўстых запіхваюць яе ў аўтамабіль. Яна крычыць і просіць дапамогі. Я спытаў: куды вы яе везяце? А Маёр мне адказаў: на псіхіятрычную экспертызу.
Кіраўніцтва Упраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Берасцейскай вобласці, куды завезлі Наталлю, паведамілі, што: «10 хвілін таму яна сышла да сястры, якая жыве побач на Кіеўцы». У гэты час тэлефона ў актывісткі пры сябе не было. Праз гадзіну пасля выхаду з установы, Наталля знайшлася ў сябе дома і распавяла пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары:
— Кіпню не давалі, у камеры было вельмі холадна, я пратэставала супраць таго, што па падлозе камеры бегаюць шчуры і за гэта мяне таксама крыху прэсавалі. Некалькі разоў мяне спрабавалі кудысьці вывезці: спачатку сказалі, што на прагулку, але калі я пабачылаі, што там прадстаўнікі закону з дубінкамі, я сказала, што не пайду. Было зразумела, што яны хочуць мяне збіць. Мяне схапілі за рукі і выцягнулі ў калідор. Пакуль яны мяне цягнулі, пашкодзілі палец на назе, які моцна апух і пару сінякоў паставілі на руках. Палец балеў усю ноч, я патрабавала доктара.
Пасля адпачынку, Наталля Папкова плануе абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў ІЧУ ў вышэйшых інстанцыях, а таксама распавесці ў друкаваных выданнях пра паводзіны міліцыянтаў. Наталля адбывала пакаранне за «арганізацыю незаконнага масавага мерапрыемства».
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце