Наталлю Шарлан абвінавачваюць у перашкодзе руху цягнікоў



Лідскую валанцёрку Наталлю Шарлан, што дапамагае сям’і Вітольда Ашурка, КДБ абвінавачвае ў тым, што жанчына паклала бетонны слуп на рэйкі і перашкодзіла руху транспарту.

Міліцыя падманам патрапіла ў яе дом, распавядае Наталля Шарлан:

– Нам пазванілі ў дзверы. Муж падышоў да дзвярэй, кажа: хто такія? Адказалі: міліцыя. Адзін у цывільным быў і двое міліцыянтаў. Ён гаворыць: выклікайце позвай, калі патрэбна мая жонка. На тое яны сказалі, што не будзе ніякай позвы, мы павінны задаць пытанні, адчыніце дзверы. Ён не хацеў, канешне, адчыняць, таму што мы ведаем, што зараз адбываецца. На што сказалі: калі не адчыніце, мы будзем дзверы выбіваць.

Жанчына лічыць усе абвінавачванні беспадстаўнымі, а ў пракуратуры і КДБ лічаць, што яна гэта зрабіла ў нейкай групе.

– Тое, што не магла гэта зрабіць адна, гэта яшчэ смяшней. Потым я распавядала ўсім, таму што гэта нейкая “дзіч”, таму што як можна было такое навязаць чалавеку, мне, інваліду з другой групай. І ўсе смяяліся і ўяўлялі, яе гэта вот ты магла ісці, і ўсе ўяўлялі як я цягну гэты слуп. Бо ніхто дакладна не ведаў, бо ні фота, і відэа ў іх няма. І ніхто гэта мне не прадставіў.

Інфармацыя пра тое, што каля Ліды нехта паклаў на рэйкі бетонны слуп з’явілася ў ДзяржСМІ напрыканцы снежня 2020 года, і па словах Наталлі Шарлан, яе хочуць зрабіць крайняй за яе грамадзянскую пазіцыю.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча