Нацбанк абнавіў экспазіцыю Музея грошай
Нацыянальны банк прапануе школьнікам стаць першымі наведвальнікамі абноўленай экспазіцыі Музея грошай.
19 кастрычніка 2019 года спаўняецца 25 гадоў з моманту заканадаўчага замацавання беларускага рубля ў якасці адзінага законнага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень у Нацыянальным банку адбудзецца ўрачыстае адкрыццё абноўленай экспазіцыі Музея грошай, прысвечанай гісторыі грашовага абарачэння і рабоце банкаўскіх устаноў на тэрыторыі нашай краіны.
Плануецца, што першымі наведвальнікамі Музея грошай стануць вучні аднаго з класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Для іх будзе праведзена эксклюзіўная экскурсія з удзелам старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура. Гасцей мерапрыемства чакаюць сюрпрызы і падарункі.
Каб атрымаць шанц стаць першымі наведвальнікамі абноўленага Музея грошай, вучням неабходна падрыхтаваць і да 1 кастрычніка накіраваць у Нацбанк калектыўнае (ад свайго класа) відэавіншаванне з 25-гадовым юбілеем беларускага рубля (або спасылку на яго). У электронным пісьме трэба пазначыць населены пункт, школу, клас, кантактныя даныя класнага кіраўніка.
Аўтары лепшага відэавіншавання будуць запрошаны 19 кастрычніка на адкрыццё абноўленай экспазіцыі Музея грошай. Усе астатнія класы, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, атрымаюць магчымасць трапіць на экскурсію ў прыярытэтным парадку.