“Нацыя аб’ядналася”. Беларусы выйшлі на акцыю памяці
15 жніўня а 12-й гадзіне беларусы выйшлі на акцыю памяці па загінулым на Пушкінскай пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага.
Мы паразмаўлялі з некаторымі ўдзельнікамі.
Пракаментаваў свой удзел Зміцер:
– Мы сюды прыйшлі, бо прыйшлі ўсе людзі. Мы паказваем салідарнасць з усім беларускім народам, нікому не абыякава тое, што адбываецца. Тут сабраліся розныя людзі, розных сацыяльных статусаў, узростаў, сем’і з дзецьмі прыйшлі, з сабакамі. Я лічу, што гэта вялікі паказчык: нацыя аб’ядналася. Калі раней было – беларус беларусу вораг, то цяпер максімальная ўзаемадапамога, узаемавыручка, усё бескарысна.
Яго сябра, таксама Зміцер, выказаўся наконт свайго ўдзела ў акцыі:
– Я прыйшоў, таму што не магу цярпець таго, што адбываецца на нашых вуліцах. Людзей забіваюць, а самае галоўнае катуюць, збіваюць. На іх месцы маглі аказацца вашыя браты, нашыя сёстры, дзеці – хто заўгодна. Мы не будзем цярпець гэта! І таму неабходна выходзіць.
На акцыі было вельмі шмат маці з дзецьмі, падлеткаў, старэйшых людзей і моладзі. Людзі ўскладалі кветкі на меркаванае месца забойства, выкрыквалі: “Не прабачым”, “Сыходзь”, “Жыве Беларусь” ды іншыя лозунгі. Машыны актыўна падтрымлівалі пратэстоўцаў сігналамі.
Францішак Цярэшка