Нацыянальнаму герою Беларусі Міхалу Валовічу – 210 гадоў
Сёння, 18 чэрвеня, філарэту і філамату, удзельніку паўстання 1830-1831 гадоў, ваеннай экспедыцыі Юзафа Заліўскага, кіраўніку сялянскага паўстання на Слонімшчыне ў 1833 годзе, нацыянальнаму герою Беларусі Міхалу Валовічу (1806-1833) спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння.
Міхал Валовіч быў родам з вёскі Парэчча Слонімскага павету, ён меў там маёнтак і ўласную зямлю. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Беларусь была цалкам акупавана рускімі войскамі. На працягу няпоўных ста гадоў беларусы тройчы ўздымалі меч барацьбы супраць нацыянальнага ворага – Масквы. Адным з самых магутных было паўстанне 1830 – 1833 гадоў. Чынным яго ўдзельнікам быў 27-гадовы юнак са Слонімшчыны Міхал Валовіч. Лістападаўскае паўстанне 1830 года застала Міхала ў бацькоўскім доме. У той час, калі рускія войскі былі выгнаны з Польшчы, выступленне паўстанцаў у Беларусі ўжо распачыналася. Тут існаваў Цэнтральны камітэт па кіраўніцтву паўстаннем на Беларусі ў тагачаснай сталіцы – Вільні. Камітэт меў сувязь з варшаўскімі паўстанцамі і з кожным паветам. Паўстанцкі камітэт Слонімскага павету вылучыў сваім прадстаўніком Міхала Валовіча і накіраваў яго па дырэктывы ў Вільню. У хуткім часе Валовіч удзельнічае ў Грахоўскай бітве, за што атрымлівае сваю першую вайсковую ўзнагароду. Новы Народны ўрад Польшчы вырашае дапамагчы паўстаўшай Беларусі. Валовіч і Працлаўскі павінны былі сустрэць груз са зброяй у Паланзе. Пакуль яны дабраліся да Палангі, порт ужо быў захоплены рускімі. Палангу было вырашана ўзяць штурмам, сумесна з партызанскім аддзелам Яцэвіча. Штурм пачаўся 13 траўня 1831 года. Спачатку поспех быў на баку паўстанцаў, аднак да рускага гарнізона неўзабаве падаспела дапамога. Потым быў штурм Вільні, аднак авалодаць горадам не ўдалося. Валовіч у гэты час прымаў удзел у баях пад Шаўлямі, Душвентамі, Павендэнямі і Новым Месцам. За заслугі ў справе паўстання Валовіч і Працлаўскі былі ўзнагароджаны Цэнтральным урадам Польшчы Залатымі кавалерскімі крыжамі. А на Бацькаўшчыне, у адпаведнасці з загадам рускага цара, іх чакаў расстрэл…
Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX стагоддзя
Некаторы час Валовіч вымушаны быў знаходзіцца на чужыне. У Парыжы ён з паплечнікамі рыхтаваўся да новага паўстання. У пачатку сакавіка 1833 года група патрыётаў рушыла на Бацькаўшчыну. Валовіч хутка сфармаваў партызанскі аддзел. З мэтай здабыцця сродкаў на закупку зброі паўстанцы здзейснілі няўдалы напад на паштовую карэту з казённымі грашыма. Тым часам у Валовіча з’явілася магчымасць павялічыць свой аддзел, бо 10 траўня ў лес уцяклі 28 палонных паўстанцаў, якія разброілі свой канвой. Каб не дапусціць аб’яднання паўстанцаў, на іх пошукі было кінута звыш 10 тысяч салдат, паліцыянтаў і прыгонных сялян. Міхал Валовіч быў схоплены. На допытах трымаўся годна, праявіў выключную мужнасць, нічога не расказаў катам пра паўстанцкую арганізацыю. 21 ліпеня Міхал Валовіч быў павешаны ў Гародні. Пазней яго маці выкупіла цела сына і прывезла ў Парэчча. Міхала Валовіча пахавалі на мясцовых могілках каля ўніяцкай царквы. Яму паставілі помнік, які стаяў да таго часу, пакуль на Слонімшчыну не прыйшлі бальшавікі, якія ўсё знішчылі.
У вёсцы Парэчча, побач з уніяцкай царквой, якую збудавалі Валовічы, стаяў крыж у гонар Міхала Валовіча і 12 паўстанцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць расейскага імперыялізму. Аднак у 2003 годзе святар Маскоўскага патрыярхату, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазней крыж адшукалі побач са Шчарай і паставілі на парэцкіх могілках. Пазней яго яшчэ некалькі разоў спілоўвалі і кідалі ў Шчару. Але ў апошнія гады крыж і мемарыяльны знак Міхалу Валовічу ў Парэччы не чапаюць.
Мясцовы скульптар Лявон Богдан плануе паставіць помнік Міхалу Валовічу паміж парэцкімі могілкамі і былой уніяцкай царквой, аднак ён пакуль не можа атрымаць дазвол ад уладаў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён