Навагодні падарунак за беларускасць
Беларусы Прагі даслалі навагодні падарунак Каміле Ляўчук, першакласніцы з Берасця, за яе прагу да беларускай адукацыі. Падарунак быў перададзены праз Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”.
Кіраўнік арганізацыі “Дзедзіч” Дзмітрый Шыманскі наведаў школу, дзе навучаецца Каміла, і ў прысутнасці аднакласнікаў, настаўніцы і бацькоў дзяўчынкі перадаў ёй падарунак з Прагі і выказаў падзяку за яе імкненне вучыцца па-беларуску.
Каміла, дачка журналістаў Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай, летась скончыла беларускамоўны дзіцячы садок і перайшла ў першы клас пачатковай школы №34.
Падарунак Каміле збіралі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Празе. Прадстаўніца дыяспары Радана Малашчанка адзначае, што мэта такіх падарункаў – заахвочваць іншых беларусаў да беларускасці і добрых справаў. Важна, каб іншыя дзеці бачылі, што Каміла атрымала падарунак за любоў да беларускай мовы, каб у іх таксама з’яўлялася цікавасць да беларушчыны.
Паводле dzedzich.org