Навапалачане просяць упарадкаваць бераг Дзвіны
Паводле беларускага заканадаўства, добраўпарадкаванне, утрыманне і абслугоўванне узбярэжных і пляжаў праводзіцца за кошт бюджэтных сродкаў. Менавіта пра выдаткаванне сродкаў на тое, каб у Наваполацку з’явілася ўзбярэжная, просяць аўтары петыцыі, якая з’явілася на сайце “Зручны горад”, і будзе накіравана ў Наваполацкі гарвыканкам.
Паводле мясцовай актывісткі Вольгі Дамаскінай, ідэя стварэння набярэжнай у Наваполацку належыць слухачкам курсаў “Мова жанчын”, якія ладзіць грамадскі цэнтр “ІніцыАрт”. А з’явілася ідэя пасля таго, як летась ужо ўдалося пераканаць улады ў неабходнасці добраўпарадкаваць бераг: у новых мікрараёнах абсталёўваюць выспу для сямейнага адпачынку.
– Людзі, якія збіралі подпісы, цяпер узгадваюць той момант, што гэта працуе. І ў гэтым годзе з’яўляецца такая выспачка, як яе называюць – гэта месца для адпачынку. І людзі кажуць, што цяпер будуць збіраць подпісы, каб усё-ткі ў нас была набярэжная!
Петыцыя будзе накіравана ў Наваполацкі гарвыканкам праз 16 дзён, на цяперашні момант яе падпісалі 225 чалавек.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя