Наведвальнікам рэстарана „Гранд Кушавель” зноў раздавалі інфармацыйны матэрыл



Абаронцы Курапатаў вечарам 20 жніўня раздалі наведвальнікам сталічнага рэстарана „Гранд Кушавель” інфармацыйныя матэрыялы пра масавыя расстрэлы ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.

Уладальнікам гэтага рэстарана, як і рэстарана „Поедем паедим”, ля якога ў Курапатах з 31 траўня праходзяць акцыі пратэсту, з’яўляецца бізнесмен Леанід Зайдэс. З 18 ліпеня ў дачыненні да ўсіх устаноў, кампаній і асоб, якія маюць дачыненне да бізнесмена, актывісты праводзяць грамадскі байкот.

„Учора актывісты раздалі інфармацыйныя матэрыялы наведвальнікам рэстарана, расклалі брашуры на століках, а таксама напісалі ў кнізе скаргаў прапанову закрыць рэстаран у Курапатах”, — паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

„На гэты раз абышлося без затрыманняў”, — дадаў ён.

19 ліпеня каля рэстарана „Гранд Кушавель” абаронцы Курапатаў Вольга Нікалайчык, Леанід Кулакоў і Мая Навумава таксама збіраліся раздаваць інфармацыйныя матэрыялы пра Курапаты. Аднак ужо праз пяць хвілін яны былі затрыманыя. На наступны дзень іх аштрафавалі на 40, 40 і 45 базавых велічынь адпаведна.

belapan.by