Навігацыйны дадатак Waze загаварыў па-беларуску
Папулярны навігацыйны дадатак Waze на беларускую мову пераклалі менскія кіроўцы, а агучыў вядомы радыёжурналіст.
Waze — бясплатны навігатар, які ў рэжыме рэальнага часу дазваляе сачыць за сітуацыяй на дарогах. Мапы ў навігатары на 100% ствараюцца самімі карыстальнікамі. Праграма надзвычай папулярная ў свеце. Існуюць версіі на 54 мовах. У адпаведны спіс дадалася і беларуская.
Цяпер любы карыстальнік можа падарожнічаць па-беларуску. Пераклад здзейснілі сталічныя вэйзеры, а «загаварыў» дадатак голасам вядомага радыёжурналіста Уладзіміра Трапянка. Большасць гараджан ведаюць яго як «голас менскага метрапалітэна».
«Пераклад на новую мову і адпаведная агучка сталі магчымыя дзякуючы намаганням прадстаўнікоў мясцовай грамады», — кажа @Olestas, куратар беларускага перакладу. — «Працуючы з супольнасцямі па ўсім свеце мы імкнемся зрабіць так, каб праграма была лакальнай. Нашыя карыстальнікі дапамагаюць сабраць інфармацыю, якая адпавядае мясцовым рэаліям. Мы неверагодна ўдзячныя за падтрымку кіроўцам у Беларусі. Дзякуючы іх актыўнасці з’явіўся пераклад на беларускаю мову. Цяпер мы з нецярплівасцю чакаем зваротнай сувязі. Нам вельмі важна ведаць меркаванне карыстальнікаў!».
Пра Waze: праект развіваецца
Waze можна бясплатна спампаваць з Google Play Store ці з App Store. У праекце ўдзельнічаюць больш за 700 перакладчыкаў на 54 мовы свету. Пошук новых удзельнікаў працягваецца. Waze марыць пашырыць колькасць актывістаў, каб аднойчы ахапіць усе мовы свету. Калі вы зацікаўленыя далучыцца – запоўніце форму(Community Interest Form).
Waze дазваляе атрымаць актуальную інфармацыю пра дарожную сітуацыю і своечасова скарэктаваць маршрут. Сэрвіс уключае інтэрактыўную мапу дарог, папярэджанне пра заторы і здарэнні, а таксама звесткі пра найбольш удалыя маршруты. Дзякуючы жывой супольнасці, Waze супрацоўнічае з муніцыпалітэтамі, дарожнымі службамі, тэхнічнымі і аўтамабільнымі брэндамі. Мэта Waze – паляпшэнне дарожнай сітуацыі, а таксама аб’яднанне высілкаў у змаганні з негатыўнымі з’явамі ў галіне транспарту.
Паводле прэс-рэлізу