Навіны на АНТ на адзін дзень стануць беларускамоўнымі



У Дзень роднай мовы, 21 лютага, усе выпускі навінаў на тэлеканале АНТ будуць ісці па-беларуску.

Як інфармуе сайт ont.by, па-беларуску будуць усе выпускі “Нашых навін”, “Навін спорту” і надвор’я. Беларускамоўнай будзе і праграма “Наша раніца”, яе вядучымі стануць Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук з NaviBand.

Кажа кіраўнік Гарадзенскай абласной філіі ТБМ Віктар Парфёненка:

– Канешне я вітаю кожную праяву беларускасці. Гэта такія рэдкія выключэнні, якія не даюць сістэмы. Тое, што яны пакажуць, што яны ўмеюць, хтосьці магчыма з прыезджых людзей пачуе беларускую мову, гэта добры знак. Для беларусаў павінна быць узараная глеба, людзі мусяць гэтую мову чуць штодня, тады адбудуцца змены.

Летась у Дзень роднай мовы на АНТ беларускамоўнай была толькі праграма “Наша раніца”, інфармацыйная служба працавала па-расейску.

Тым часам Таварыства беларускай мовы запрашае ўсіх ахвочых прыняць удзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы паводле беларускамоўных твораў.

Міжнародны дзень роднай мовы штогод, пачынаючы з 2009, адзначаецца ў Беларусі 21 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя