Навошта 10 пікетоўшчыкам 10 міліцыянтаў?



Бярозаўскія праваабаронцы звярнуліся са скаргай на імя  начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Берасцейкага аблвыканкама і ў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

IMG_7663

Яны просяць патлумачыць, чаму такія незразумела высокія расцэнкі ў Бярозаўскім РАУС  на аказанне паслугаў па забеспячэнні аховы грамадскага парадку пры правядзенні пікету працягласцю ў 1 гадзіну з удзелам да 10 чалавек? Навошта 10 пікетоўшчыкам 10 міліцыянераў, кажа адзін з напісантаў скаргі Сяржук Русецкі:

– На пікет з удзелам да 10 пікетоўшчыкаў на 1 гадзіну выдзяляецца ажно 10 міліцыянтаў, прычым, 5 – сярэднега начальніцкага звяна, а 5 – вышэйшага начальніцкага звяна, якія будуць працаваць з 16 да 19.30, пры тым, што пікет запланаваны з 18 да 19. Неабгрунтавана завышаная колькасць супрацоўнікаў міліцыі, адсюць – і завышаны кошт. Двух сяржантаў цалкам бы хапіла для таго, каб падтрымаць парадак.

Паводле Русецкага, за аказанне паслугаў па забеспячэнні аховы грамадскага парадку, медыцынскаму абслугоўванню і прыборцы тэрыторыі пры правядзенні шэсця на Дзень Волі 25 сакавіка  ў  Менску з арганізатараў была запатрабаваная агульная сума ў 14,5 міліёнаў рублёў. І гэта пры заяўленай колькасці ўдзельнікаў да 1000 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя