Навошта аршанцам такая расейская газета?
У Воршы распаўсюджваецца хрысціянская газета „Сокрытое сокровище”, прычым, яе маскоўскі рэгіянальны выпуск. На галоўнай старонцы лістападаўскага выпуску змешчаны анонс на галоўны матэрыял нумару: „В единстве народа — процветание России”.
Інтэрв’ю з гэтай нагоды даваў Алег Ганчароў — сябра Рады па ўзаемадзеянні з рэлігійнымі аб’яднаннямі пры прэзідэнце Расеі, першым намеснікам старшыні Еўра-Азіяцкага Дывізіёну Генеральнай Канферэнцыі Царквы хрысціян-адвентыстаў сёмага дня. У словах пастара адсутнічае шавінізм і якое-кольвечы непрыязнае стаўленне да іншых народаў. Але ёсць даволі спрэчная фраза пра тое, што кожная канфесія ўключалася ў рэлігійнае жыццё краіны без якіх-небудзь стратаў і, маўляў, толькі ў канцы ХІХ стагоддзя ў Расеі была зробленая стаўка на адну дзяржаўную рэлігію — праваслаўе.
Газета „Сокрытое сокровище” распаўсюджваецца бясплатна, яна папросту раскідваецца па паштовых скрынях. Яе выпісвае аршанская Царква адвентыстаў сёмага дня. І хоць у газеце правакацыйных матэрыялаў няшмат, то на сайце sokrsokr.net, які пазначаны ў шапцы папяровай версіі, такіх артыкулаў болей.
Напрыклад, сайт, які павінен несці Божае слова людзям, папулярызаваць пратэстантызм у Расеі, якая пераважна праваслаўная, змяшчае ў сябе падобную навіну: „Глава ЛНР решил, что студенты должны изучать Библию”.
Акрамя згадкі пра кіраўніка самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі і яго „біблейскія” словы, сайт тэндэнцыёзна ставіцца і да прэзідэнта ЗША Барака Абамы.
Пра жыццё амерыканскіх пратэстантаў інфармацыі на сайце мала, а вось навіну пра тое, як кенійскія пастары заклікалі Абаму „не распаўсюджваць садамію” ў іхняй краіне, вынеслі ў адзін з важнейшых матэрыялаў сайту.
У мінулыя гады ў Воршы фіксаваліся іншыя выпадкі маніпулявання грамадскай думкай з „дапамогай” рэлігіі. Напрыклад, у часы „памаранчавай рэвалюцыі” ва Украіне, у некаторых прыходах Рускай праваслаўнай царквы маліліся за здароўе Віктара Януковіча, які тады балатаваўся на прэзідэнцкую пасаду.
Беларускае Радыё Рацыя, Ворша