Навошта для продажу свініны патрэбен дазвол раённай ветстанцыі?
Жыхарам Бярозаўскага раёна цяпер нельга будзе даць у раённай газеце “Маяк” прыватную абвестку пра продаж свініны або вырабы са свініны без дазволу Бярозаўскай раённай ветэрынарнай станцыі.
Такое рашэнне прыняў прэзідыум Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў. Гэтае новаўвядзенне парушае правы грамадзян, кажа былы ўладальнік прыватнай гаспадаркі Аляксандр Аліхвер.
– Дадзеныя абмежаванні могуць быць прымененыя толькі пры ўмове, што ў нас у раёне існуе буферная зона пры ўзнікненні АЧС. Эпізадычная абстаноўка ў нас нармальная, чумы свіней у нас няма. Калі я выконваю ветэрынарныя правілы ўтрымання жывёл, то я маю права дзе заўгодна прадаваць свініну.
Галоўны спецыяліст Бярозаўскага раённага савета дэпутатаў паясніла прычыну такога рашэння, чым німала здзівіла зацікаўленых людзей:
– Гэта абумоўлена мерамі прафілактыкі і недапушчэння АЧС у прыватных падвор’ях грамадзян.
РР: Але ж у нас у Бярозаўскім раёне няма афрыканскай чумы.
Галоўны спецыяліст: А хто вам гэта сказаў? Такія выпадкі былі зарэгістраваныя і іх даволі шмат.
Паводле актывіста кампаніі “Гавары праўду” Валянціна Лазарэнкава, па-першае, здзіўляе, чаму пытанне, якім займалася раённая выканаўчая ўлада на гэты раз перакладзена на раённы савет дэпутатаў. Па-другое, калі зарэгістраваны выпадкі афрыканскай чумы ў раёне, то чаму пра гэта не кажуць людзям. А ўвесь час ілгуць, што афрыканскай чумы ні ў раёне, ні ў вобласці не зафіксавана.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя