Навошта Лукашэнка дае сваім шпіёнам большую самастойнасць
Выданне «Reform.by» заўважыла, што Лукашэнка 2 лістапада даў загад сваім спецслужбам актывізавацца за мяжой. Цяпер выведка дыктатара будзе займацца апярэджаннем шкоды «нацыянальным інтарэсам» з боку «экстрэмісцкіх арганізацый і асобных асоб».
Калі каротка. Лукашэнка зрабіў спецслужбы больш самастойнымі ў прыняцці рашэнняў. Што за «экстрэмісцкія арганізацыі» і «асобныя асобы» – можа толькі здагадвацца. «Экстрэмістаў» судова-карная сістэма штампуе пачкамі.
На колькі ўдала спецслужбы Лукашэнкі могуць выкрасці ці забіць таго ці іншага дзеяча ці дзяячку беларускага замежжа – так сама пытанне.
Яшчэ большае пытанне навошта Лукашэнку рыхтавацца да падобнага. Калі па дыктатарскім рэжыме будзе прынятае агульна заходняе палітычнае рашэнне, нічога ўжо не спыніць хаду падзеяў.
А цяпер звярніце ўвагу, што на наступны дзень пасля апублікавання дакументу па дыверсантах за мяжой Лукашэнка выступае пад час візіту на Астравецкую АЭС. Медыя цытуюць ягоныя выказванні ў сваіх загалоўках: «Нікуды не дзенуцца» – Лукашэнка чакае аднаўлення адносін з Літвой і Польшчай». Альбо: «Лукашэнка пра вызваленне палітзняволеных: «Мусяць быць пэўныя ўмовы». І як вішанька на торце, што Лукашэнка хоча прадаваць электраэнергію ў Літву і Польшчу.
Тыя, хто паўтарае, што санкцыі не працуюць, памыляюцца. Санкцыя дзейныя, але не ад разу.
Беларускія палітычныя аглядальнікі, якіх я чытаў, мяркуюць, што пакуль мы назіраем недавер з абодвух бакоў. Лукашэнка баіцца, што яго падмануць, а Польшча першай на саступкі не пойдзе. Там палітычныя рашэнні прымаюцца калектыўна, а вобраз Лукашэнкі даўно падаецца на старонках газет і часопісаў з крывёю на твары і руках.
Як бы ні было, аналізуючы сітуацыю вакол Беларусі. Мы мусім глядзець у бок Украіны. Камандуючы ЗСУ генерал Залужны публічна заяўляе, што вайна зайшла ў тупік. А прэзідэнта Зяленскага ўнутры Украіны вінавацяць у тым, што падчас вайны ён плануе ладзіць прэзідэнцкія выбары ў сакавіку наступнага году.
Расейскае поўнамаштабнае ўварванне толькі на нейкі час кансалідавала ўкраінцаў, цяпер старыя разлады вяртаюцца ў інфармацыйную прастору.
Што праўда, мы не бачылі яшчэ дзясяткаў F-16, перададзеных ЗСУ шэрагам краін NATO. І не бачылі тыя дзясяткі тысяч падрыхтаваных на Захадзе байцоў.
У кожным разе пройгрыш Расеі зменіць унутры беларускі расклад, цалкам завярстаны пад апеку з боку Крамля.
Магчыма, і шпіёна-дыверсантаў рыхтуюць на акты тэрарызму на выпадак калі Расея актыўна папаўзе назад за ўкраінскую мяжу.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя