Навошта лукашэнкаўцы затрымліваюць былых журналістаў? Тлумачыць эксперт
У нашым эфіры пабываў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

РР: Вельмі хацелася бы абмеркаваць апошнія падзеі, звязаныя непасрэдна з журналісцкай супольнасцю: найперш затрыманне Ларысы Шчыраковай у Гомлі. Здаецца, што яна ўжо даўно адышла ад журналісцкай дзейнасцю, але прыйшла інфармацыя пра яе затрыманне. Як гэта наогул можна патлумачыць?
– Відавочна, тлумачэнні ёсць – гэта не першы выпадак, калі саджаюць журналіста. Які цяпер не працуе, але перад гэтым быў актыўны і меў рэпрэсіі. Прыкладна таксама быў затрыманы восенню Яўген Меркіс, які таксама на момант затрымання ўжо не працаваў, але раней быў актыўным карэспандэнтам Белсату ў Гомлі. Падобна, што Ларысу Шчыракову напаткаў такі ж самы лёс. Вельмі драматычная сітуацыя з яе сынам, якога забралі ў прытулак. Я так разумею, што родныя зараз усімі сіламі намагаюцца сына Ларысы выцягнуць з гэтага прытулку, і магчыма ім гэта ўдасца. А вось з Ларысай – пакуль у нас няма ніякай дакладнай інфармацыі, па якім артыкуле яе затрымалі, і ў чым яе вінавацяць. Але сам факт таго, што яе затрымалі кажа сам за сябе. Калі б гэта быў адміністрацыйны пераслед, то не маглі б затрымліваць больш за 3 гадзіны, то бок хутчэй за ўсё гэта нейкая крымінальная справа. Такія справы цяпер штампуюцца «уладамі «Беларусі направа і налева.
РР: А навошта, атрымліваецца, што бяруць новых закладнікаў? Хацеў бы, каб мы таксама звярнуліся б да справы Ірыны Слаўнікавай. Было паседжанне Вярхоўнага Суда, якое скончылася абсалютна прадказальным вынікам. Чарговыя закладнікі сярод журналісцкай супольнасці?
– Навошта? Усіх выціскаюць з краіны. «Улады» паказваюць, што калі ты не з’ехаў, нават калі адышоў ад журналісцкай дзейнасці – то ўсё роўна ты нясеш пагрозу для Дзяржавы, і раней ці пазней да цябе прыйдуць. Ларыса нават спецыяльна, каб мець магчымасць заставацца ў краіне, зрабіла ў пэўным сэнсе крок адчаю – на пачатку года яна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі, і сказала гэта публічна. Магчыма яна спадзявалася на тое, што гэта засцеражэ яе ад затрымання. Але для «ўладаў» усё роўна важна такіх людзей з краіны выдаляць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя
