Навошта ў Слаўным вывучаюць падсобныя гаспадаркі



5 год запар, штодзень, у 45 сямействах пасёлка Слаўнае, што на Талачыншчыне, ідзе запіс у сшыткі-кандуіты таго, што адбылося ў іх падсобных гаспадарках. Да прыкладу, колькі яёк знеслі куры. Альбо колькі бульбы, зерне, яблыкаў сабралі ў часе ўборкі. Штомесяц за незразумелую ім справу вяскоўцы, тым не менш, уганаруюцца дзяржавай. Паводле апошніх звестак, 143 тысячамі рублёў кожнаму. Інфармацыя, мінуючы раённую вертыкаль, ідзе аж да Менску. Каму і навошта гэта патрэбна? Якая карысць дзяржаве, які сацыяльна-палітычны падтэкст з’явы?

DSCF9891

На цэнтральнай вуліцы, ля праваслаўнага храма Святой Ганны, спыніў купку кабетаў. Адна з іх, Таццяна Драбышэўская, аказалася, уваходзіць у лік гаспадыняў, што пішуць праславутыя “справаздачы”. Расказвае.

Драбышэўская: Што ўлічваем? Што свайму “чортаваму тузіну” нясушак даю, колькі яёк яны мне назад, а яшчэ што на ўраджай здымаем. У мяне 10 сотак з бульбай, буракамі, морквай, капустай, гарохам. Нічога здаваць дзяржаве ці некаму прадаваць не выпадае – выбіраю ня больш за 4-5 яёк у дзень, куранятаў не выседжваюць, казліным малаком магу хіба каго-небудзь пачаставаць…

Бадай, усе ў Слаўным указвалі мне на найбольш сталую – 83 гады – ды паважную тутэйшую гаспадыню, цётку Лілію Кулік. Хударлявая, сухенькая, але жвавая кабета ў хаце дастала з шафы тлусты сшытак.

DSCF9888

Цётка Ліля: Кожны дзень запісваю, колькі дала кармоў скаціне, колькі яёк куры прынеслі, колькі козачкі малака. А ўвосень яшчэ – колькі качак ды свінчо забілі. Мне ё пра што пісаць. У хлеўчыках – 23 курыцы, 2 пеўні, 16 куранят, 6 качак, 12 гусей, трое коз ды парсюкоў і 2 сабакі – апошнія не для паперы. Але салам ды смятанкай на дарогу пасчастую!

РР: Як – і за ўсім гэтым уходжваецеся адна?!

Цётка Ліля: Ужо 25 год пасля смерці мужыка. Унук дапамагае па выхадных – сена ён заўжды косіць. З “гарадка” прапаноўвалі дапамогу, але я за грашыма не ганюся. (пра апошняе каментар далей-В.С. )

РР: А, па-вашаму, каму гэта патрэбна?

Цётка Ліля: Каб у сельсавеце ды дзяржаве ведалі, як жыхары могуць выжыць за сваю працу ды расходы. А мо, каб потым такім, як я, пенсію не выплочваць… (смяецца )

Над сітуацыяй разважаем разам з талачынскім праваабаронцам Мікалаем Петрушэнкам.

DSC03230

Петрушэнка: Слаўнае – адзінае ў Талачынскім раёне мястэчка, дзе вядзецца “эксперымент” са справаздачамі. Калі пачаліся ўлікі таго, што на падвор’і, бабулькі страшэнна баяліся, што ўсё робіцца для таго, каб зняць з іх дадатковыя падаткі. Даходзіла да таго, што, маючы 5 кустоў парэчак, пісалі – адзін. Балазе, іх гаспадаркі ў плюсе – чаго каштуе толькі спадарыня Кулік – а ўвесь аграгарадок у мінусе. Пасля таго, як пачалі атрымліваць грошы, супакоіліся. Зрэшты, вывучэнне гаспадарак ля вясковых хатаў вартае. Хаця б каб ведаць іх патэнцыйныя магчымасці. Бяда толькі ў тым, што гэтыя аблітыя працоўным потам стосікі з лічбамі мінаюць тых, каму патэнцыйна ж найбольш патрэбныя – чальцоў мясцовай вертыкалі. У іх, у адрозненне ад Літвы, дзе кіраўнікі тамтэйшых раёнаў адказваюць і за прыватнікаў, і за фермераў, спытваюць “наверсе” толькі пра тое, як працуюць дзяржгаспадаркі. Дый, дайце веры, па пэўных паказчыках. Як з малаком – да апошняга часу цікавіла не яго якасць, а колькасць кароў у статку. Таму і наша цётка Ліля не хоча звязвацца з “гарадком” – а ну як сёння дапамогуць з сенам, а заўтра для сваёй “справаздачы” запатрабуюць здаваць усё малако козачак “у дзяржаву”? А з чым застануцца дзеці, унукі?! Так што інфармацыя ідзе адразу на Менск.

РР: Засталося высветліць – навошта і якое прымяненне мае там?

Петрушэнка: За кошт кожнага запратакаляванага сялянамі куста парэчкі, яйка, мяса свінчо, гусака можна, у прынцыпе, на лічбах падвышаць валавы нацыянальны прадукт. А Лукашэнку гаварыць пра далейшае нарастанне “беларускага цуда”.

РР: Значыць, падстава для чарговай паказухі?

Петрушэнка: А ты сумняваўся?! За йдзі ў раённы аддзел статыстыкі. Табе там ніхто ніколі не дасць рэальных лічбаў, нават калі яны яшчэ ў стане іх засвойваць. Усе дутыя. Усё – для фронта, усё – для перамогі. Чытай – Бацькі ды яго ўладарства. У суцяшэнне – Радыё Рацыя першая, хто гэту праблему ўздымае.

Тым часам, нашая знаёмца, цётка Ліля Кулік заўтра зранку, зрабіўшы шматлікія хатнія справы, ізноў задумліва сядзе апісваць іх у запаветны сшытак. Так і не разумеючы каму і дзеля чаго гэта патрэбна…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя